Бульбяная вайна паміж ЗША і Японіяй доўжыцца ўжо 76 гадоў. Чаму японцы не здаюцца?
Японія з 1950 года забараняе ўвоз свежай амерыканскай бульбы. Цяпер адміністрацыя Дональда Трампа дамагаецца скасавання забароны, але японскія фермеры катэгарычна супраць. І рэч не толькі ў канкурэнцыі.

Бульба трапіла ў Японію яшчэ ў 1598 годзе дзякуючы галандскім гандлярам. Спачатку яе вырошчвалі як экзатычную расліну, але паступова яна стала важнай харчовай культурай. Асабліва на паўночным востраве Хакайда, дзе прахалодны клімат не надта пасуе для вырошчвання рысу. Ужо да сярэдзіны XIX стагоддзя бульба стала тут важнай альтэрнатывай гэтай культуры.
Сёння на Хакайда вырошчваюць каля 80% усёй японскай бульбы, а ў краіне культывуюць больш за 90 яе сартоў. Для Японіі, якая імпартуе больш за 60% харчавання, уласная вытворчасць бульбы, як і рысу, мае асаблівае значэнне.
Таму, калі ў 1950 годзе Японія забараніла імпарт свежай амерыканскай бульбы, гэта закранула не проста гандаль, а адну з важных галін мясцовай сельскай гаспадаркі. Забарона дзейнічае дагэтуль, хоць у 2006 годзе Токіа зрабіў выключэнне для бульбы, прызначанай для вытворчасці чыпсаў. Яе дазволена ўвозіць толькі ў закрытых кантэйнерах з абавязковай наступнай тэрмічнай апрацоўкай, каб прадухіліць распаўсюджванне шкоднікаў, піша The Guardian.
Але амерыканскіх вытворцаў такое выключэнне не задавальняе. Яны хочуць свабодна пастаўляць свежую бульбу ў японскія супермаркеты і рэстараны, разлічваючы зарабляць на гэтым дадатковыя $150 мільёнаў штогод. Прыхільнікі адкрыцця рынку таксама сцвярджаюць, што канкурэнцыя знізіць цэны для японскіх спажыўцоў.
Маленькія чарвякі супраць вялікай палітыкі
Галоўнай перашкодай для амерыканскіх планаў застаюцца японскія фермеры, перадусім на Хакайда. Яны асцерагаюцца не толькі канкурэнцыі, але і таго, што разам з замежнай бульбай у краіну трапяць небяспечныя шкоднікі.
Японскія ўлады вызначылі 21 від шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб, якія могуць трапіць у краіну разам з імпартнай бульбай. Асаблівую трывогу выклікаюць бульбяныя цыстаўтваральныя нематоды — мікраскапічныя чарвякі, якія пашкоджваюць карані раслін і могуць захоўвацца ў глебе больш за 15 гадоў. Іх распаўсюджванне пагражае надоўга вывесці заражаныя палі з вытворчасці.
Для фермераў Хакайда гэта асабліва балючае пытанне. Яны ўжо сутыкаюцца з мясцовымі шкоднікамі, наступствамі змены клімату і скарачэннем насельніцтва сельскіх раёнаў. Таму рызыка страціць ураджай і землі для іх пераважвае магчымыя выгады ад таннейшай імпартнай прадукцыі.
Дональд Трамп спрабаваў дамагчыся скасавання забароны яшчэ падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну. Цяпер Токіа пагадзіўся пачаць перамовы, але японскія ўлады не спяшаюцца адкрываць рынак.
Міністр сельскай гаспадаркі Японіі заявіў, што пытанне патрабуе грунтоўнага навуковага і тэхнічнага вывучэння, якое можа заняць шмат часу. Да таго ж для скасавання забароны патрэбная дамоўленасць, прымальная для абедзвюх краін.
Такім чынам, галоўнае пытанне цяпер у тым, ці змогуць амерыканцы пераканаць японцаў у бяспечнасці сваёй бульбы.
Каментары