Здароўе11

Чаму ў сярэднім узросце наша талія павялічваецца? Прычына нечаканая

Навукоўцы знайшлі клеткі, што з узростам актывізуюць рост тлушчу ў жываце. Іх блакіроўка ў будучыні можа стаць асновай прафілактыкі атлусцення і метабалічных хвароб.

Фота: Ozgur Donmaz / Getty Images

Невялікі жывот у сярэднім узросце многія ўспрымаюць як непазбежны атрыбут сталення. Але тлушч у вобласці жывата — гэта не толькі эстэтычны дыскамфорт. Ён паскарае старэнне, парушае абмен рэчываў і павышае рызыку такіх сур’ёзных захворванняў, як дыябет 2 тыпу і хваробы сэрца. Доўгі час дакладна было невядома, чаму менавіта з узростам наша цела пачынае так лёгка назапашваць тлушч.

Як піша ScienceDaily, каманда даследчыкаў з амерыканскага цэнтра City of Hope і Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Лос-Анжэлесе знайшла адказ у клетках, якія знаходзяцца ўнутры тлушчавай тканкі. Яны засяродзілі ўвагу на белай тлушчавай тканцы — менавіта яна найбольш актыўна расце з узростам.

У ёй утрымліваюцца асаблівыя ствалавыя клеткі, вядомыя як прагеніторныя клеткі адыпацытаў (adipocyte progenitor cells — APC). Пад уплывам пэўных сігналаў арганізма яны могуць ператварацца ў тлушчавыя клеткі — адыпацыты.

Падчас эксперыментаў на мышах даследчыкі перасадзілі APC маладых і старых жывёл іншым мышам. І высветлілі: клеткі са старэйшых арганізмаў працуюць у «звышрэжыме» — яны хутка і ў вялікай колькасці ствараюць новыя тлушчавыя клеткі незалежна ад таго, у малады яны трапілі арганізм ці не. У той час як APC маладых жывёл такога не рабілі, нават калі траплялі ў цела старой мышы. Інакш кажучы, вінаватая не агульная фізіялогія, а ўзрост саміх ствалавых клетак.

Невядомы раней тып клетак: CP-A

Галоўным адкрыццём стала выяўленне новага тыпу ствалавых клетак, якія з’яўляюцца ў сярэднім узросце. Яны атрымалі назву CP-A (committed preadipocytes, age-specific). Гэтыя клеткі ўзнікаюць з APC і пачынаюць актыўна ствараць новыя тлушчавыя клеткі ў сярэднім узросце, што тлумачыць павелічэнне жывата, нават калі агульная вага цела застаецца стабільнай.

CP-A — гэта асаблівы тып клетак, які пачынае працаваць на поўную магутнасць менавіта з узростам, што адрознівае іх ад большасці іншых ствалавых клетак, чыя актыўнасць з часам зніжаецца.

Далейшыя эксперыменты паказалі, што актыўнасць CP-A рэгулюецца сігнальным механізмам — рэцэптарам інгібітару лейкеміі (LIFR). У маладых арганізмах гэты механізм амаль не ўдзельнічае ў тлушчаўтварэнні, але ў сталых — становіцца ключавым. Без яго CP-A не актывуюцца.

Навукоўцы праверылі свае высновы і на чалавечых узорах тлушчавай тканкі. Даследаванне паказала, што і ў людзей з сярэдняга ўзросту ў тлушчавых клетках з’яўляюцца CP-A. Яны таксама масава ствараюць новыя тлушчавыя клеткі. Гэта значыць, што працэс, адкрыты ў мышэй, дзейнічае і ў чалавечым арганізме.

Што гэта значыць для нас

Паводле даследчыкаў, разуменне таго, як менавіта з узростам арганізм пераключаецца на «рэжым тлушчаўтварэння», адкрывае новыя магчымасці для прафілактыкі ўзроставых метабалічных захворванняў.

У далейшым навукоўцы плануюць адсочваць паводзіны гэтых клетак у арганізме жывёл, вывучаць іх актыўнасць у чалавечай тлушчавай тканцы і распрацоўваць спосабы, як іх можна будзе блакаваць або знішчаць — каб прадухіліць узроставае назапашванне тлушчу. Гэта можа стаць асновай для новых стратэгій, якія дапамогуць людзям захоўваць здароўе і стройнасць на працягу многіх гадоў.

Каментары1

  • 1234
    10.06.2025
    Усё вельмі проста, трэба выйсьці з камфорту і перастаць бегаць за дафамінам, як гэта адбываецца ў цяперашні час. Раней у нашых продкаў не было машын, рэстаранаў і фаст фуда, а быў плуг, які не даваў зьяўленьня жывату

Цяпер чытаюць

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю34

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю

Усе навіны →
Усе навіны

Рабіць вагоны для мінскага метро зноў хочуць даручыць «Штадлеру»6

«Белтэлекам» зноў аб'явіў пра павышэнне сваіх тарыфаў

Пад Барысавам упалявалі першую ў гэтым сезоне рысь2

Аналітыка Вольгу Харламаву асудзілі на 10 гадоў калоніі6

Беларусы масава бяруць ільготныя крэдыты пад 4%1

У інтэрнэце галасуюць за турыстычны лагатып Беларусі. Сярод лідараў праект былога палітвязня4

Дуа Ліпа ўжо носіць куртку, якую ўсе захочуць гэтай зімой11

«Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча12

Заплацілі, каб змерзнуць на стадыёне. Фанаты «Сэлтыка» сабралі 90 тысяч еўра за адну ноч1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю34

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць