Культура22

Праектавалі кароўнікі і акумулятарны завод, а цяпер узяліся за барока. З велічнага езуіцкага калегіума ў Пінску збіраюцца збіць увесь тынк — а ён быў распісаны фрэскамі

На абнаўленне Музея беларускага Палесся выдзелілі 27 мільёнаў рублёў, а работы працягнуцца амаль чатыры гады. «Наша Ніва» вывучыла гісторыю помніка — расказваем, як гэты гмах двойчы абвальваўся ў час будаўніцтва і чым яму пагражае цяперашні праект.

Рамонт даху будынка былога калегіума езуітаў у Пінску з выкарыстаннем аўтакрана. Фота: «Пінскі веснік»

Пра пачатак будаўнічых работ у гістарычным будынку Музея беларускага Палесся на плошчы Леніна, 22 у Пінску 16 лістапада паведаміла мясцовая газета «Пінскі веснік». Раней, як мы пісалі, пра планы паставіць помнік архітэктуры барока на капітальны рамонт заяўлялі ва ўпраўленні культуры Брэсцкага аблвыканкама.

Згодна з праектнай дакументацыяй, работы разлічаныя амаль на чатыры гады — да ліпеня 2030-га.

Сучасны выгляд былога езуіцкага калегіума ў Пінску. Фота: Яндэкс Карты

На што пойдуць 27 мільёнаў рублёў

Фінансуецца праект цалкам з бюджэту. Згодна з каштарысам, на яго рэалізацыю выдаткуюць амаль 27 мільёнаў рублёў (каля $9 мільёнаў). 

Скляпеністыя залы Музея беларускага Палесся ў будынку езуіцкага калегіума да рамонту. Фота: Wikimedia Commons

З зацверджаных 27 мільёнаў роўна 10 мільёнаў рублёў закладзена непасрэдна на стварэнне новай музейнай экспазіцыі. Астатнія 17 мільёнаў рублёў пойдуць на будаўніча-мантажныя работы, закупку абсталявання і праектаванне. Самыя вялікія артыкулы выдаткаў — агульнабудаўнічыя і дэмантажныя работы ўнутры корпуса і замена даху за 5,44 мільёна рублёў, рамонт фасадаў за 1,79 мільёна.

На гарышчы езуіцкага калегіума. Сцены абапал не вонкавыя, а працяг унутраных сцен цэнтральнага калідора, які праходзіць праз увесь будынак. Фота: «Пінскі веснік»

Мантаж пажарнай і ахоўнай сігналізацыі абыдзецца ў 562 тысячы, поўная замена электрыкі і асвятлення за 535 тысяч, абнаўленне сістэм ацяплення і вентыляцыі за 431 тысячу, а таксама добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі плошчай 0,8 гектара за 253 тысячы рублёў. Рэшта пойдзе на навуковага кіраўніка і распрацоўку спецыяльных рэстаўрацыйных рашэнняў і аўтарскі нагляд.

Ад цялятнікаў і акумулятарнага завода да барочных скляпенняў

Як вынікае з заключэння дзяржаўнай будаўнічай экспертызы, генеральным праектантам капітальнага рамонту выступіла пінскае прыватнае прадпрыемства «Аграмашдэталь».

Згодна з інфармацыяй на афіцыйным сайце кампаніі, яна працуе з 2007 года і спецыялізуецца пераважна на прамысловым і сельскагаспадарчым будаўніцтве.

Арачныя праёмы ў сценах на гарышчы езуіцкага калегіума. Фота: «Пінскі веснік»

Галоўны прадмет гонару ў партфоліа фірмы — праектаванне акумулятарнага завода «АйПаўэр» пад Брэстам, свінцовага завода «Белінвестгандаль-Сплаў» у Белаазёрску і завода пластыкавых камплектуючых для акумулятараў у Пінску, а таксама малочна-таварных фермаў, кароўнікаў з даільнымі блокамі і цялятнікаў на 300—1050 галоў для гаспадарак Брэсцкай і Мінскай абласцей. Сярод грамадскіх пабудоў у актыве праектантаў значацца гандлёвы цэнтр «ПінаПарк», рэканструкцыя бальніцы ў Давыд-Гарадку, капрамонт дзвюх пінскіх школ і сучасны праваслаўны храм на вуліцы Крайняй у Пінску.

Паколькі паводле Кодэкса аб культуры праектаваць работы на гісторыка-культурных каштоўнасцях могуць толькі арганізацыі, якія маюць у штаце атэставаных спецыялістаў, для распрацоўкі аднаго камплекта чарцяжоў на субпадрад прыцягнулі профільнае прадпрыемства «РэстаўрацыяІнвест» з Брэста. Спецыяліст гэтай кампаніі Казакоў выступіў навуковым кіраўніком і галоўным архітэктарам праекта рэстаўрацыі. Аднак гэтыя чарцяжы ахопліваюць толькі вонкавыя фасады, замену вокнаў і ўваходных дзвярэй.

Рамонт даху будынка былога калегіума езуітаў у Пінску з выкарыстаннем аўтакрана. Фота: «Пінскі веснік»

Усе астатнія раздзелы праекта, уключаючы чарцяжы на ўнутраныя работы ў памяшканнях са старажытнымі скляпеннямі, падвалах і на гарышчы, распрацоўвала сама «Аграмашдэталь». І паміж падыходамі двух распрацоўшчыкаў у дакументах узнікла відавочная супярэчнасць.

У ведамасці рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ па фасадах, складзенай брэсцкай «РэстаўрацыяІнвест», прапісана далікатная методыка захавання аўтэнтычнай паверхні сцен.

Рэстаўратары патрабуюць прастукаць усе 4144 квадратныя метры захаванай вапнавай тынкоўкі і пры выяўленні расколін ці лушчэння акуратна з дапамогай металічных скрабкоў альбо фрэзернай машынкі зняць толькі верхні дэструктыўны слой таўшчынёй ад аднаго да пяці міліметраў.

Затым паверхню належала намачыць вадой, расшыць трэшчыны, запоўніць іх вапнавым растворам з мармуровым або каменным пылам і зацерці. Збіваць тынкоўку да самой цэглы рэстаўратары дазволілі толькі на аслабленых «бухцячых» участках і месцах старых цэментавых латак — прычым рабіць гэта загадана дробнымі плошчамі лёгкімі ўдарамі малатка, пакуль не з’явяцца моцна прычэпленыя часткі старой тынкоўкі. Такіх участкаў з поўнай стратай тынкоўкі да цаглянай кладкі на фасадах налічылі ўсяго 87,52 квадратнага метра.

Затое ў заключэнні дзяржаўнай будаўнічай экспертызы, якое абапіраецца на праект «Аграмашдэталі», зафіксавана кардынальна іншае рашэнне.

У раздзеле пра вонкавае і ўнутранае аздабленне даслоўна запісана: «дэмантаж 100% існуючых тынкавальных саставаў па фасадах будынка, у тым ліку цокаля, да асновы з наступным уладкаваннем новай тынкоўкі са сумесі на аснове вапнавага вяжучага, якое не ўтрымлівае цэменту».

Адразу ж ніжэй прапісана аналагічнае патрабаванне для інтэр’ераў: «дэмантаж 100% існуючых тынкавальных саставаў па ўнутранай паверхні сцен і перакрыцця да асновы з наступным уладкаваннем новай тынкоўкі».

Аб’ёмны чарцёж з сячэннем касцёла і будынка калегіума, якое дазваляе зразумець іх унутраную будову. 1926 г. Фота: Wikimedia Commons

Чаму ў дакументах узнікла такая разбежка — незразумела. Магчыма, эксперты проста механічна запісалі пад адзін грэбень далікатную расчыстку фасадаў і поўнае збіванне тынкоўкі ўнутры будынка. Але ў выніку ў афіцыйным экспертным заключэнні замацаваны менавіта стапрацэнтны дэмантаж усяго тынку да цэглы — і звонку, і ў інтэр’ерах.

Чым будуць кіравацца на рыштаваннях рабочыя Пінскага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення — асцярожнай методыкай брэсцкіх рэстаўратараў са скрабкамі ці прамым запісам з экспертызы пра «100% дэмантаж да асновы» — пытанне адкрытае.

А вось для ўнутраных залаў і крыжовых скляпенняў XVII стагоддзя варыянтаў не пакінулі ўвогуле: іх рамантуюць па чарцяжах «Аграмашдэталі», дзе ўся старая тынкоўка безальтэрнатыўна ідзе пад знос да голай цэглы.

Увесь праект афіцыйна ўзгоднены Міністэрствам культуры Беларусі, якое выдала станоўчае заключэнне 5 чэрвеня 2026 года.

Рымскія архівы езуітаў кажуць, што на фасадах былі фрэскі

Між тым суцэльнае збіванне тынкоўкі без папярэдніх рэстаўрацыйных зандажоў на наяўнасць жывапісу можа прывесці да незваротнай страты каштоўных роспісаў XVIII стагоддзя.

У 2003 годзе ў кракаўскім навуковым зборніку Sztuka Kresów Wschodnich польскі гісторык архітэктуры, езуіт Ежы Пашэнда апублікаваў грунтоўнае даследаванне пра пінскі калегіум, напісанае на аснове першакрыніц — хронік калегіума, якія кожныя тры гады адпраўляліся з Пінска ў Цэнтральны архіў ордэна езуітаў у Рыме.

У гэтых рымскіх хроніках Пашэнда выявіў два прамыя сведчанні таго, што вонкавыя фасады пінскага калегіума за часамі Вялікага Княства Літоўскага былі ўпрыгожаныя фрэскавымі роспісамі па тынку.

Першы запіс датуецца 1726 годам: храніст занатаваў, што ў гэтым годзе была скончана франтальная частка калегіума з боку касцёла — гэта значыць паўночны тарцовы фасад з барочным франтонам — і яна была «аздоблена роспісам па тынку» («ozdobiono malowidłem na tynku»).

Другі запіс адносіцца да 1755 года: тады ўвесь будынак калегіума з усіх бакоў пабялілі, а яго галоўны заходні фасад, які глядзеў у бок колішняга замка і сённяшняй плошчы Леніна, адрамантавалі і дадаткова ўпрыгожылі сюжэтнымі альбо дэкаратыўнымі роспісамі («ozdobiono malowidłami»).

Папярочны разрэз пінскага калегіума 1922 года. Фота: Wikimedia Commons

Ніякіх згадак пра тое, што перад цяперашнім рамонтам на фасадах або ўнутры будынка праводзіліся пошукі гэтых замаляваных фрэсак 1726 і 1755 гадоў, у дакументацыі і каштарысах няма.

На ўсе папярэднія вышуканні перад праектаваннем у 2025 годзе выдаткавалі 135,3 тысячы рублёў: у гэтую суму ўвайшлі гісторыка-архіўныя даследаванні, архітэктурна-археалагічныя абмеры, лабараторнае вывучэнне стану будаўнічых матэрыялаў і тэхнічнае абследаванне канструкцый.

Падчас вывучэння сцен выявілі часткова закладзеныя гістарычныя праёмы — праектам прадугледжана іх раскрыццё з уладкаваннем «фальшывых вокнаў» на месцы замураваных ніш, а таксама аднаўленне па шаблонах страчаных прафіляваных карнізаў, паясоў і сандрыкаў.

Як адзначаў Ежы Пашэнда, калідоры першага паверха з боку двара першапачаткова мелі адкрытыя аркадныя галерэі, якія толькі пазней замуравалі тонкімі сценкамі.

Абмерны план першага паверха езуіцкага калегіума. З дваровага боку добра відаць апоры замураваных паўцыркульных аркад былых галерэй. Скрыншот з праектнай дакументацыі
Рэстаўрацыйны чарцёж усходніх (тарцовага і падоўжанага дваровага) фасадаў езуіцкага калегіума. На першым паверсе відаць замураваныя паўцыркульныя аркады былых галерэй. Скрыншот з праектнай дакументацыі

Паколькі да пачатку рамонту дабрацца да верхніх ярусаў без рыштаванняў было тэхнічна немагчыма, рэстаўратары запісалі ў чарцяжах патрабаванне: пасля дэмантажу позніх напластаванняў там, дзе хочуць аднавіць дэкор, будаўнікі абавязаны выклікаць прадстаўніка аўтарскага нагляду для фіксацыі.

Рэстаўрацыйны чарцёж паўночных (падоўжанага дваровага і тарцовага) фасадаў езуіцкага калегіума. Згодна з эксплікацыяй, на ўсёй белай плошчы сцен гістарычная тынкоўка захоўваецца і толькі расчышчаецца на 1—5 мм углыб, а адбіванню да цэглы падлягаюць выключна невялікія аслабленыя ўчасткі, абведзеныя аранжавым контурам. Скрыншот з праектнай дакументацыі

Дзве будаўнічыя катастрофы XVII стагоддзя

Рымскія хронікі езуітаў дазваляюць таксама ўдакладніць і выправіць шэраг міфаў, якія вандруюць па беларускіх даведніках і нават трапілі ў афіцыйны пашпарт гісторыка-культурнай каштоўнасці, складзены ў 2012 годзе «Брэстрэстаўрацыяпраектам».

Так, у тэхнічным пашпарце БТІ і матэрыялах дзяржэкспертызы годам пабудовы калегіума названы 1631-ы, а ў пашпарце помніка сцвярджаецца, што будаўніцтвам у 1651—1675 гадах кіраваў «архітэктар рамяства малярскага» Матэвуш Фалькоўскі.

Аднак, паводле архіўных дакументаў ордэна, езуіты на чале з першым суперыёрам Марцінам Краснадэмбскім прыбылі ў Пінск па запрашэнні падстаросты Мікалая Ельскага толькі 10 кастрычніка 1632 года і доўгі час жылі ў драўляных пабудовах.

Міжваенны фотаздымак комплексу з боку ракі Піны, на якім за корпусам калегіума відаць вежы яшчэ не знішчанага касцёла Святога Станіслава. 1936 г. Фота: Wikimedia Commons

Пасля смерці Ельскага фундацыю пераняў пінскі староста і вялікі канцлер літоўскі Альбрэхт Станіслаў Радзівіл з жонкай Рэгінай Эйзенрайх, якія ў 1636—1647 гадах узвялі мураваны касцёл. Прычым з прычыны таго, што вакол Пінска не было ні каменю, ні прыдатнай гліны без дамешкаў мергелю, княгіня Ганна Карэцкая-Радзівіл у 1634 годзе спецыяльна дазволіла езуітам выпальваць цэглу для будоўлі ў сваіх клецкіх уладаннях.

На будаўніцтва ж мураванага калегіума канцлер Радзівіл выдзеліў 40 тысяч злотых толькі ў 1651 годзе — урачыстае асвячэнне вуглавога каменя адбылося 27 верасня 1651 года, а да канца снежня былі закладзены падмуркі.

Але праз вайну, казацкія напады — у 1657 годзе казакі закатавалі пінскага прапаведніка Андрэя Баболю, а 4 ліпеня 1660 года спалілі ўвесь кляштар і школу — і чарговы пажар 1663 года рэальнае ўзвядзенне муроў пачалося толькі ў 1667 годзе, калі манахі прыйшлі да высновы, што пастаянна адбудоўваць спаленыя драўляныя дамы выходзіць занадта дорага.

Схема паэтапнага будаўніцтва крылаў пінскага калегіума і касцёла ў 1636—1790 гадах, складзеная гісторыкам архітэктуры Ежы Пашэндам паводле рымскіх архіваў езуітаў. Ілюстрацыя са зборніка Sztuka Kresów Wschodnich

Першым на працягу дзевяці гадоў (1667—1675) будавалі паўднёвае крыло ўздоўж ракі Піны, прычым адразу на поўную вышыню трох паверхаў.

У 1671 годзе тут здарылася першая будаўнічая катастрофа: толькі што змураваныя скляпенні трэцяга паверха абрынуліся да самой зямлі, што спыніла працы, а ў 1673 годзе манахі былі вымушаныя тэрмінова абносіць пляцоўку абарончым мурам для абароны ад казакоў.

Скончылі паўднёвы корпус толькі ў 1675 годзе.

Другое, заходняе крыло пачалі ўзводзіць у 1689 годзе. У 1692‑м будоўлю спынялі праз адсутнасць архітэктара,

а ў 1696 годзе, калі муры ўжо дасягнулі трэцяга паверха, адбылася другая катастрофа. Як запісаў храніст, праз памылку недасведчанага дойліда занадта шырокая і плоская 19‑метровая арка над трапезнай на першым паверсе не вытрымала цяжару ўзведзенай на ёй новай сцяны верхніх паверхаў і завалілася, нанёсшы шкоды на некалькі соцень фларынаў.

Гэтая аварыя замарозіла дабудову заходняга крыла амаль на тры дзесяцігоддзі: палову муроў накрылі скляпеннямі толькі ў 1714—1716 гадах, а да месца абвалу вярнуліся ў 1725—1738 гадах, калі прэфектам будоўлі быў брат-аптэкар Матэвуш Беснер.

Аўтэнтычны план комплексу пінскага калегіума і касцёла з люстрацыі 1774 года (копія 1782 года) з рэгулярным садам ва ўнутраным двары, аптэкай, школай і гаспадарчымі пабудовамі. Добра бачныя апоры арачнай галерэі калегіума. Фота: Wikimedia Commons

Менавіта гэтая катастрофа і тлумачыць паходжанне знакамітых звышглыбокіх падмуркаў калегіума: у 1730 годзе запрошаны архітэктар заявіў езуітам, што «тут нават думаць нельга пра рэфекторый», і загадаў падзяліць залу напалам, вымураваўшы пасярод яе новую капітальную сцяну даўжынёй 32 локці і вышынёй 45 локцяў — каля 19 на 27 метраў адпаведна.

Паколькі ў паўночнай частцы корпуса на даўжыні 30 метраў падвалаў не існавала, падмуркі пад гэтую новую ўнутраную сцяну заглыбілі ў зямлю на 6 метраў ніжэй за ўзровень падлогі першага паверха. Побач з гэтай сцяной на другім паверсе размясцілі 12‑метровую залу тэалогіі, а на трэцім — 19‑метровую бібліятэку.

Шасцігранная вежа-контрфорс на рагу будынка езуіцкага калегіума. Фота: Wikimedia Commons

Цікавае тлумачэнне Ежы Пашэнда дае і шасціграннай вежы на паўднёва-заходнім рагу будынка. У адрозненне ад палацавых вежаў эпохі Вазаў, пінская вежа ніжэйшая за асноўны гмах і мае вокны ды невялікі карысны пакойчык толькі на ўзроўні другога паверха. Уся ж яе ніжняя частка на вышыню 12 метраў ад зямлі — узровень высокіх скляпоў і першага паверха — уяўляе сабой суцэльны глухі мур і выконвае ролю магутнага вуглавога контрфорса на схіле ракі.

Абмерны план другога паверха езуіцкага калегіума — толькі на гэтым плане шасцігранная вежа-контрфорс мае невялічкае памяшканне — кабінет плошчай 7 кв. м. Скрыншот з праектнай дакументацыі

Даследчык адзначае, што будынак калегіума застаўся відавочна недабудаваным: усходні тарэц паўднёвага крыла не мае ні такой жа вежы, ні нават мураванага барочнага шчыта-франтона, таму не выключана, што першапачаткова езуіты задумвалі замкнёны чатырохкутны корпус вакол унутранага двара, а школа і аптэка з лабараторыяй месціліся ў асобных будынках побач.

Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 годзе Адукацыйная камісія ў 1786 годзе падзяліла комплекс паміж трыма карыстальнікамі: заходняе крыло аддалі пад свецкую школу, усходнюю частку і недабудаваны пасля пажару касцёл — уніяцкаму біскупу Яхіму Гарбацкаму пад кафедру, а частку двара — пінскаму старосце Хамінскаму пад канцылярыю.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1800 годзе комплекс перадалі праваслаўнаму Богаяўленскаму манастыру і духоўнаму вучылішчу.

У 1919 годзе ў будынкі вярнуліся езуіты, але 21 верасня 1939 года, калі ў Пінск увайшла Чырвоная армія, савецкая артылерыя на працягу гадзіны і сарака хвілін расстрэльвала касцёл з трох бакоў — адна вежа была збітая цалкам, другая напалову, а дах згарэў, пасля чаго ў 1950‑х гадах святыню канчаткова зруйнавалі.

Сам жа корпус калегіума пасля Другой сусветнай вайны займалі школа сувязі флоту і структуры НКУС, з 1965 года там працавала карцінная галерэя, а пасля рэстаўрацыі 1981—1996 гадоў будынак перадалі Музею беларускага Палесся.

Што канкрэтна зробяць да 2030 года

Дэмантаваныя старыя трубы вентыляцыі на гарышчы езуіцкага калегіума. Фота: «Пінскі веснік»
Памяшканне венткамеры на гарышчы езуіцкага калегіума. Фота: «Пінскі веснік»

Як бачна на свежых фота, будаўнікі пачалі работы з гарышча і даху: туды ўжо падаюць свежыя дошкі, усталявалі рыштаванні і дэмантавалі старыя трубы вентыляцыі. Дзякуючы таму, што ўнутраныя сцены калідораў другога і трэцяга паверхаў узвышаюцца на шэсць метраў вышэй за скляпенні і служаць апорай для даху, у свой час езуітам удалося значна зменшыць колькасць дрэва ў дахавых фермах.

Піламатэрыялы для новага крыцця даху езуіцкага калегіума. Фота: «Пінскі веснік»
Дэмантаваная керамічная дахоўка на падворку езуіцкага калегіума. У час рамонту дах пакрыюць новай, таксама керамічнай дахоўкай S-падобнага профілю. Фота: «Пінскі веснік»

Цяпер усе струхлелыя драўляныя кроквы і латы крыцця цалкам заменяць, аварыйныя бэлькі ўзмацняць, а драўлянае перакрыцце на адным з участкаў гарышча пераробяць на маналітнае па металічных бэльках. Высокі двухкаскадны дах з заломам, які ў XVIII стагоддзі пакрывалі гонтам і дахоўкай, а з 1837 года — бляхай, нанава накрыюць глінянай S-падобнай дахоўкай. Крывалінейныя парапеты барочных франтонаў і слыхавыя вокны абшыюць ліставой меддзю.

Вадасцёкавыя трубы, карнізы і адлівы вырабяць з ацынкаванай сталі з матавым пакрыццём карычнева-чырвонага колеру. Як тлумачаць рэстаўратары ў заўвагах да чарцяжоў, у XVII—XVIII стагоддзях афарбоўка бляшаных зліваў на калегіуме праводзілася распаўсюджаным натуральным мінеральным фарбавальнікам — жалезным сурыкам, які адначасова засцерагаў метал ад іржы і даваў спецыфічнае чырванавата-карычневае адценне.

Праектнае каляровае рашэнне паўднёвага фасада калегіума з боку ракі Піны. Скрыншот з праектнай дакументацыі

Расколіны ў муроўцы фасадаў і на ніжняй паверхні скляпенняў расшыюць і сцягнуць схаванымі ў штрабах металічнымі анкерамі. Колеравая гама фасадаў пасля афарбоўкі застанецца блізкай да цяперашняй: цёплы бэжавы тон Palazzo 240 для асноўных сцен, белыя пілястры і карнізы, шэры цокаль — гэта яшчэ адно відавочнае сведчанне, што фасады перад работамі не вывучаліся.

Праектнае каляровае рашэнне заходняга фасада калегіума з боку плошчы Леніна. Скрыншот з праектнай дакументацыі

Большасць старых аконных блокаў заменяць на новыя індывідуальнага вырабу з клеенага дуба з аднакамернымі шклопакетамі. З вуліцы дубовыя рамы пафарбуюць «пад састараны дуб», а знутры — у белы.

Пры гэтым восем гістарычных аконных блокаў, якія захаваліся ў нармальным стане, вырашана не замяняць — іх толькі расчысцяць ад старой фарбы і адрэстаўруюць на месцы.

Для ўсіх вокнаў праекціроўшчыкі падабралі фурнітуру пад даўніну колеру матавай ці антычнай бронзы з фігурнымі ручкамі.

У інтэр’ерах адрэстаўруюць гістарычныя лесвіцы з дэкаратыўнымі металічнымі агароджамі, адшліфуюць мармуровыя, гранітныя і дашчаныя падлогі, а ў частцы залаў пакладуць новы паркет і керамічную плітку. Будынак атрымае цалкам новыя інжынерныя сеткі, сучасную вентыляцыю з падагрэвам і ўвільгатненнем паветра для музейных залаў і фондасховішчаў.

Пасля завяршэння работ у 2030 годзе Музей беларускага Палесся зойме ўвесь будынак калегіума цалкам, уключаючы трэці паверх, які раней дзяліў з дзіцячай харэаграфічнай школай.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • UFO
    20.11.2026
    Неяк цэлы час не шеансуе калегіуму - то казлякі, то калхазакі руйнуюць.(
  • мінісцерваства а хулетуры
    20.11.2026
    вось табе і дзяржаўная экспертыза.. вось табе і мінісцерства культуры..

Цяпер чытаюць

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць36

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць

Усе навіны →
Усе навіны

Сабаленка схадзіла на матч НБА паміж «Лэйкерс» і «Джаз». «Лэйкерс» прайгралі пасля дзевяці перамог запар2

Лявон Вольскі прэзентаваў кліп на песню «Лекар ачуняй» ВІДЭА1

Прынц Гары заявіў, што вярнуўся б у войска, каб змагацца з Расіяй2

Прэм'ер Аўстраліі падчас пасяджэння з Пуціным запатрабаваў ад яго неадкладна спыніць «сваю вайну»

Беларускі добраахвотнік дэбютуе ў прафесійным боксе

«Бабуля таксама гнала». Беларус пераехаў у Польшчу і працягнуў займацца самагонаварэннем, хоць гэта забаронена4

«Я адчуваю сябе дурнем». Ілан Маск пашкадаваў пра грошы, што аддаў на падтрымку рэспубліканцаў13

Пуцін, Трамп і Сі прынялі «дэкларацыю аб міры», раскрытыкавалі ў ёй Гаагскі трыбунал14

У Мінску ў наземным грамадскім транспарце можна аплаціць праезд банкаўскай карткай2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць36

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць