Сын электрыка і бібліятэкаркі — чарговая ахвяра атрутнай расійска-беларускай прапаганды. Хлопец скончыў школу ў 2023 годзе, але замест студэнцкага жыцця абраў шлях аднаразовага штурмавіка.

«Нашай Ніве» стала вядома імя чарговага беларуса, які загінуў на вайне супраць Украіны. Гэта зусім юны Андрэй Шматкоў з Брэста, сын мясцовай бібліятэкаркі і іпэшніка-электрыка.
Андрэй нарадзіўся ў снежні 2005 года. Калі пачалася поўнамаштабная вайна, Шматкоў яшчэ вучыўся ў старэйшай школе. Цікавіўся звычайнымі для падлетка рэчамі: рэпам і тэхнікай.
Са школы Андрэй выпусціўся толькі восенню 2023-га.
Што далей адбывалася ў яго жыцці, невядома, але ў снежні 2024-га, адсвяткаваўшы свае 19 гадоў, Шматкоў паехаў ваяваць за Пуціна.
І пражыў, як і ўсе такія штурмавікі, якіх праз кароткі тэрмін жыцця на фронце цяпер называюць «аднаразкамі», зусім нядоўга.
Ужо ў студзені 2025 года беларус загінуў пад знакамітай Курдзюмаўкай на Данеччыне.
Знакамітай Курдзюмаўка стала праз сваё адметнае, троху нязграбнае для славянскага вуха гучанне: пакуль Пуцін марыць пра Кіеў, Днепр і Адэсу, у рэальнасці дзясяткі тысяч расіян гіне пад Курдзюмаўкай.
Выглядае, што і для беларусаў Курдзюмаўка таксама ўжо стала братэрскай магілай. Ва ўзламаных базах Расстата ўтрымліваецца інфармацыя пра дзясяткі беларусаў, якія загінулі пры спробе захапіць пасёлак.
Каментары