Жанчыны пад Маладзечнам стварылі падпольную каталіцкую грамаду — і перажылі СССР
Даследчыца Вольга Барташ напісала артыкул пра шэсць беларускіх вёсак, дзе ў савецкія гады жанчыны замянілі святароў.

Май 2015 года, вечар. Тры немаладыя жанчыны сустракаюцца ў цэнтры вёскі Брохаўшчына, што ў Маладзечанскім раёне, і ідуць да крыжа ў пачатку вёскі. Там яны папраўляюць кветкі і ўпрыгожванні, а потым пачынаюць маліцца.
Часам яны робяць паўзы і прыслухоўваюцца — звычайна разам з імі моляцца жыхары суседніх вёсак і іх галасы чуваць здалёк, але ў гэты раз жыхаркі Брохаўшчыны нічога не чуюць. Засмуціўшыся, яны вырашаюць, што больш не будуць збірацца на малітвы, тым больш што дзве з іх ужо не маюць сіл хадзіць туды кожны дзень.
Сялянкі прыходзілі туды больш за дваццаць гадоў, а да гэтага дзесяцігоддзямі захоўвалі тую традыцыю ў дамах. Гэта — толькі частка з гісторыі каталіцкай грамады пад Маладзечнам, што прайшла пад жаночым кіраваннем праз савецкія часы.

Грамада, пра якую ідзе гаворка, склалася з жанчын, якія нарадзіліся пераважна ў 1920—1930‑я гады, з шасці вёсак, якія знаходзяцца зусім блізка адна ад адной: гэта Брускаўшчына, Драні, Жарлакі, Мачыноўшчына, Брохаўшчына і Кулёўшчына.
Іх бацькі належалі да парафіі ў вёсцы Хажова, дзе з 18 стагоддзя існаваў касцёл Святога Антонія Падуанскага. У 1947‑м савецкія ўлады касцёл закрылі, а ў 1949 годзе і святара Пятра Пупіна адправілі ў канцлагер у Варкуту. Пасля смерці Сталіна яго рэабілітавалі, але вярнуцца да службаў у Маладзечанскім раёне яму не дазволілі. А стары касцёл у 1956 годзе разабралі.
Тады ў тых шасці вёсках пачынае расці падпольная грамада. Вернікі рэгулярна моляцца разам па хатах, ладзяць дома хатнія алтары з кветкамі і крыжамі. Збіраюцца штонядзелі і на святы, а ў маі-чэрвені і ўвогуле штовечар.
Мужчынам удзельнічаць у такім было небяспечна, жанчын савецкія ўлады чапалі радзей.
Кіраўніцай грамады, якая фактычна замяніла там святара, была сялянка Ядзвіга. Па святую ваду жанчыны ездзілі ў далёкія касцёлы.
Касцёл у мястэчку Краснае заставаўся адкрыты, і там таемна хрысціліся і вянчаліся некалькі пакаленняў мясцовых каталікоў, а жанчыны штогод ладзілі туды пілігрымкі.

Барташ піша і пра цяжкасці жыцця. Пасля вайны жанчынам было цяжка знайсці сабе пару: мужчыны загінулі на вайне. Дзяўчатам даводзілася выходзіць замуж і за старых, і за ўдаўцоў.
Медыцына была слабая. Да сярэдзіны 1960‑х жанчыны нараджалі дзяцей дома, асабліва зімой. Але з часам жыццё наладзілася.
А пасля падзення СССР вярнулася і свабоды веры. Вернікі пачалі ўсталёўваць новыя крыжы каля дарог, дзе цяпер ладзілі калектыўныя малітвы — ва ўсіх на вачах, а не патаемна ў хаце. У 1995‑м у гэтых мясцінах ізноў пачаў служыць святар, а ў 2010‑я гады вернікам аддалі пад службы будынак былога сельсавета ў Хажове. Але вёска ў гэты час пачалі хутка выміраць.
Ужо ў 2002‑м у шасці вёсках, якія некалі называлі «Малой Варшавай» жылі толькі каля ста каталікоў — пераважна старых людзей, а ў 2015-м, калі Вольга прыехала туды ладзіць палявое даследаванне, іх засталося яшчэ менш.

Барташ называе жаночую грамаду парафіі Хажова падпольнай царквой. Навукоўка лічыць, што тая грамада — увасабленне жаночай салідарнасці ў савецкай вёсцы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬУдзельнічалі ў паўстаннях, былі экзатычнымі слугамі і нават ратавалі магнатаў ад даўгоў. Кім былі афрыканцы ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай?
Магілёў, Віцебск і Гомель удалося далучыць да БССР толькі таму, што Масква такім чынам хацела спакусіць Заходнюю Беларусь — апублікаваныя дакументы
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Праектавалі кароўнікі і акумулятарны завод, а цяпер узяліся за барока. З велічнага езуіцкага калегіума ў Пінску збіраюцца збіць увесь тынк — а ён быў распісаны фрэскамі
Каментары