Жыццё па падпісцы. У «Паўночным Беразе» скардзяцца на платную падпіску, патрэбную, каб карыстацца ўсімі функцыямі жыллёвага комплексу
Хочаш паглядзець анлайн-трансляцыю з камер дома ў любы час? Плаці.

Каб атрымаць доступ да прэміум-кантэнту і функцый дадатку, жыхарам сталічнага жыллёвага комплексу «Паўночны Бераг» каля Цнянскага вадасховішча прапануюць набыць платную падпіску.
Дробязі, але жыхарам непрыемна
Жыхарам прапануюць заплаціць 54,6 рубля за год. За гэтыя грошы абяцаюць набор функцый:
- Электронныя апавяшчэнні (аператыўнае атрыманне інфармацыі адразу ў дадатку)
- Віджэты па-за дадаткам (хуткі доступ да дзвярэй і калітак з экрана смартфона)
- Відэаназіранне (прагляд анлайн-трансляцый з камер дома ў любы час)
- Разумная пошта (доступ да паштовай скрынкі і дыстанцыйнае адчыненне)
- Гісторыя паказанняў лічыльнікаў
- Унясенне двух дадатковых нумароў аўто для парковачнага месца
- Запрашэнне чатырох дадатковых карыстальнікаў у дадатак.

«Допіс не пра тое, што 54 рублі ў год — гэта дорага, а пра тое, што ёсць абавязковыя плацяжы за абслугоўваючую кампанію, ёсць клуб жыхароў (па жаданні), ёсць плацёж за карыстанне велабоксам (па жаданні), праз паўгода з'явілася і гэтая платная функцыя.
Калі мы куплялі тут кватэру, агучана было толькі пра паслугі абслугоўваючай кампаніі, што і так зразумела. Пішу для таго, каб людзі ведалі ўнутранку жыллёвага комплексу», — тлумачыць жыхарка дома.
У каментарах пад допісам сабралася шмат незадаволеных такой сітуацыяй.
Напрыклад, мужчыну абурае той факт, што без падпіскі немагчыма дадаць адначасова нумар другога аўтамабіля для шлагбаўма на паркінгу. «Для доступу да месца, якое знаходзіцца ва ўласнасці», — дадае ён.
Іншыя пішуць, што не паспелі яны адысці ад таго, што велабоксы ў ЖК платныя, як выяўляецца, што трэба даплачваць і за поўны функцыянал дадатку.
Аўтарка допісу адзначае, што паўгода карысталіся ўсім у дадатку і даплачваць не трэба было, а цяпер умовы змяніліся.
Многіх каментатараў абурае менавіта той факт, што на этапе куплі кватэр пра дадатковыя платныя функцыі (апроч удзелу ў «Клубе жыхароў») забудоўшчык не паведамляў.
Што да ўдзелу ў «Клубе жыхароў», то гадавы абанемент пры ўмове аплаты адразу на год каштуе 900 рублёў.

«Пра тое, што «Клуб жыхароў» будзе платны, папярэджвалі. З нагоды таго, што будзе платным дадатак, — не. Калі набывалі кватэру, казалі, што гэта ўсё ўключана (камеры, дыстанцыйнае адчыненне скрыні, аплата ЖКП і г. д.)», — скардзіцца іншая.
На допіс са скаргамі адрэагавалі з акаўнта «Паўночнага Берага».
«Падпіска ў дадатку NW Home падключаецца па жаданні ўласніка. Усе асноўныя сэрвісы дадатку па-ранейшаму даступныя бясплатна: аплата паслуг, падача заявак, паведамленні, навіны, галасаванні, адчыненне дзвярэй і брамак, распазнаванне аднаго аўтамабільнага нумара і многае іншае. Для далейшага развіцця дадатку некаторыя сэрвісы сталі платнымі. Пры гэтым кошт падпіскі пры гадавой аплаце складзе ўсяго 4,55 рубля на месяц для ўсіх карыстальнікаў адной кватэры», — адказаў забудоўшчык.
Каментары
Санкцыі не працуюць, дарагія машыны і тэхніка, але 200$ у год няма каб заплаціць, лол.
Як прыклад, праўленне магло б вырашаць, як браць грошы за выкарыстанне сваёй маёмасцю, праз "клубы" і "падпіскі" або неяк інакш. Пабудавана жа ўсё за грошы ўласнікаў.
І сумна, што гэтую праблему не заўважалі і не заўважаюць ні жыхары, ні СМІ, ні НДА.
Бо ўдзел у кіраванні дзяржавай пачынаецца з удзела ў кіраванні ўласным домам і дваровай тэрыторыяй. Там жа і пачатковая школа дэмакратыі.
Карная дзяржава помсціла таварыствам, у Новай Баравой, "плошчы Перамен", іншым. Ціснула на кіраўнікоў, бо не заўсёды хуценька падпарадкоўваліся па прыбіранню сцягаў у 2020-м, як у ЖЭС. Зрабілі рэформу ЖКГ, пры якой жадала канчаткова знішчыць таварыствы.
Часткова яны выжылі, бо дзяржава ўсё ж не пацягнула б усе выдаткі за свой кошт. Аднак для новых раёнаў прыдумалі вось такія схемы, калі плаціць трэба, а ўплываць на рашэнні па плацяжах ужо не халопская справа.