Пасля выкрыцця спробы палітычнага забойства Данія абмяжуе выдачу віз расіянам і выкідае з краіны расійскага аташэ
Данія высылае расійскага вайсковага аташэ, абвясціўшы яго персонай нон грата. Ён павінен пакінуць краіну на працягу сямі дзён. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Даніі Ларс Лёке Расмусэн.

Па словах Расмусэна, рашэнне ўрада перадалі расійскаму амбасадару падчас сустрэчы ў дацкім Міністэрстве замежных спраў.
Акрамя таго, Данія мае намер скараціць колькасць візаў, якія выдаюцца грамадзянам Расіі. Абмежаванні закрануць паездкі, што не маюць тэрміновага або абавязковага характару. Расмусэн заклікаў іншыя краіны Еўрасаюза далучыцца да гэтай ініцыятывы.
Перад гэтым стала вядома, што расійская разведка завербавала двух грамадзян Даніі для забойства ўкраінскага рэпера Кіеўстонера перад яго запланаваным выступам у краіне. Пра гэта паведаміла дацкая тэлекампанія DR са спасылкай на матэрыялы судовага пасяджэння.
Дацкая паліцыя сарвала меркаваны план, затрымаўшы двух мужчын незадоўга да канцэрта, які павінен быў адбыцца 25 верасня, але пазней быў адменены. Паліцэйскія спынілі іх аўтамабіль і знайшлі ў ім некалькі адзінак зброі. Абодва падазраваныя ў судзе адмаўлялі сваю віну.
Расследаванне закранае яшчэ двух мужчын, якім не выставілі абвінавачанняў у датычнасці да меркаванай змовы з мэтай забойства рэпера. Аднак усе чацвёра знаходзяцца пад вартай з верасня.
Таксама раней паведамлялася, што Расія вярбуе грамадзян Даніі для падрыхтоўкі дыверсій супраць дацкіх абаронных прадпрыемстваў, якія супрацоўнічаюць з Украінай.
Цяпер чытаюць
Праектавалі кароўнікі і акумулятарны завод, а цяпер узяліся за барока. З велічнага езуіцкага калегіума ў Пінску збіраюцца збіць увесь тынк — а ён быў распісаны фрэскамі
Каментары