Усяго патроху77

Камароў прыцягваюць людзі, якія напярэдадні пілі піва і займаліся сэксам

Некаторыя людзі нібы магнітам прыцягваюць да сябе камароў і таму пакутуюць ад іх укусаў значна часцей за іншых. У навукоўцаў пакуль няма адзінага меркавання, чым менавіта абумоўлены гэты эфект, даследаванні ў гэтым кірунку працягваюцца. Нядаўна свой унёсак у вывучэнне гэтага пытання зрабіла група спецыялістаў з Нідэрландаў. Іх высновы могуць здзівіць.

Фота: vecteezy.com

Камары вінаватыя ў найбольшай колькасці чалавечых смерцяў у свеце, бо пераносяць такія небяспечныя хваробы, як малярыя, ліхаманка дэнге, вірусы Зіка, Заходняга Ніла і Чыкунгунья. Паводле ацэнак, яны штогод становяцца прычынай каля 2,7 мільёна смерцяў.

Каб эфектыўна змагацца з гэтай пагрозай, трэба разумець, каго камары выбіраюць у якасці ахвяры. Даўно вядома, што іх галоўны арыенцір — вуглякіслы газ, які мы выдыхаем. Аднак навукоўцы ўпэўненыя, што ключавую ролю адыгрываюць і іншыя сігналы, асабліва пахі, якія выдзяляе цела чалавека.

Як піша Popular Science, даследчыкі з Універсітэта Радбаўда ў Нідэрландах вырашыла высветліць, якія біялагічныя і сэнсарныя фактары найбольш уплываюць на «харчовыя перавагі» камароў.

Замест таго, каб запрашаць добраахвотнікаў у стэрыльную лабараторыю, каманда навукоўцаў пад кіраўніцтвам біёлага Фелікса Хола пайшла незвычайным шляхам.

Яны разгарнулі сваю перасоўную лабараторыю ў транспартных кантэйнерах проста на тэрыторыі буйнога музычнага фестывалю Lowlands, які праходзіць штогод прыкладна за 65 кіламетраў на ўсход ад Амстэрдама.

З прыкладна 60 тысяч наведвальнікаў фестывалю згоду прыняць удзел у эксперыменце выказала каля 500 чалавек. Спачатку яны адказвалі на пытанні анкеты аб сваім харчаванні, гігіене і ладзе жыцця, уключаючы вельмі асабістыя дэталі.

Пасля гэтага кожны ўдзельнік змяшчаў руку ў спецыяльна сканструяваны кантэйнер з акрылавага шкла, дзе знаходзіліся самкі малярыйных камароў (Anopheles).

Канструкцыя была бяспечнай: адтуліны былі дастаткова малымі, каб камары маглі адчуць пах чалавека, але не праткнуць скуру сваім хабатком. Навукоўцы запісвалі рэакцыю насякомых на відэа.

Апісанне і здымкі эксперымента. Фота: матэрыялы артыкула / biorxiv.org

Аналіз даных паказаў выразную тэндэнцыю. Высветлілася, што людзі, якія напярэдадні пілі піва і займаліся сэксам, былі прыкладна ў 1,35 раза больш прывабнымі для камароў, чым цвярозыя і ўстрыманыя ўдзельнікі.

І наадварот, насякомыя радзей спрабавалі атакаваць руку, калі яе нядаўна памылі або нанеслі на яе сонцаахоўны крэм.

«У іх проста густ да геданістаў сярод нас», — з гумарам адзначылі аўтары даследавання.

Хоць навукоўцы прызнаюць, што эксперымент праходзіў у «слаба кантраляваных умовах», а яго ўдзельнікамі былі пераважна «аматары навукі сярод наведвальнікаў фестывалю», вынікі даюць глебу для разважанняў. Яны пацвярджаюць, што на выбар камароў уплывае складаны кактэйль пахаў, які выдзяляе наша цела, і гэты кактэйль мяняецца ў залежнасці ад таго, што мы ямо, п'ём і робім.

Таму, калі ў наступны раз вы будзеце адбівацца ад надакучлівых насякомых, успомніце: магчыма, вы проста занадта добра праводзіце час. А пакуль навука працягвае даследаванні, не забывайцеся пра простыя парады: абмяжоўвайце алкаголь на прыродзе і карыстайцеся сонцаахоўнымі сродкамі. Што тычыцца трэцяй звычкі, то навукова даказана, што яна, пры ўзаемнай згодзе, вельмі карысная для здароўя.

Каментары7

  • З палесся
    14.09.2025
    Гэтыя навукоўцы не бачылі палескіх камароў, якія жаруць усіх, і нават цьвярозых імпацентаў.
  • Эксперт
    14.09.2025
    Сэксам не займаюся даўным даўно, бо ўсё апала з-за ўзросту. І піва не п'ю. А камары мяне загрызаюць нават у сонечны дзень
  • Нават камары
    14.09.2025
    ... аддаюць перавагу нармальным людзям

Цяпер чытаюць

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?14

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?

Усе навіны →
Усе навіны

Свет на парозе фінансавага абвалу, яшчэ больш агрэсіўны Трамп і небяспека для Тайваня. The Economist даў прагноз на 2027 год13

Жанчыне, якая арганізавала ў Мінску незалежную культурную прастору, далі пяць гадоў калоніі18

Самая танная кватэра — 222 тысячы рублёў. МАПІД прапанаваў кватэры ў «Сонечным» для ўсіх ахвотных5

46‑гадовага мінскага псіхолага і бізнэс-трэнера пасадзілі па палітычнай справе2

Прэзідэнт Манголіі, які тры тыдні таму сустракаўся з Лукашэнкам, падаў у адстаўку, абвінавачаны ў карупцыі1

У Германіі малады беларус ушчэнт раскалаціў фуру аб аўтадом пенсіянераў. Кіроўцаў ратавалі з дапамогай верталётаў

Расійскія і лукашэнкаўскія СМІ дагэтуль не паведамілі пра руйнаванне Крымскага моста7

Цэны на нерухомасць пайшлі ўніз. Прычым не толькі ў Мінску13

У крамах пачалі прадаваць новую экзатычную рэч

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?14

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць