У Гродне на скрыжаванні вуліц Таўлая і Бабіна Гара плануюць пабудаваць новы жылы квартал. Ён заменіць цяперашнюю малапавярховую забудову. Праект прадугледжвае ўзвядзенне шматпавярховых дамоў з каскаднай паверхавасцю і так званых урбан-віл. Гродзенскі гарвыканкам вынес яго на грамадскае абмеркаванне.

Пад забудову адведзена тэрыторыя плошчай 4,5 гектара. У новым квартале плануюць размясціць 726 кватэр. Першыя паверхі будынкаў будуць выкарыстоўвацца пад грамадскія памяшканні і аб’екты абслугоўвання.
Праект прадугледжвае тры тыпы забудовы. Уздоўж вуліцы Таўлая з'явяцца секцыйныя дамы вышынёй ад шасці да дзесяці паверхаў са зменнай паверхавасцю і каскадным сілуэтам. Іх першыя паверхі адвядуць пад грамадскія памяшканні і аб'екты сферы паслуг.

Унутры квартала плануюць пабудаваць шасціпавярховыя урбан-вілы — жылыя дамы з адным пад'ездам. Трэці тып забудовы прадугледжвае дамы са зменнай паверхавасцю, размешчаныя па перыметры квартала. Іх фасады будуць выходзіць як ва ўнутраны двор, так і ў бок суседніх жылых дамоў.
Дваровую тэрыторыю хочуць зрабіць свабоднай ад транзітнага транспарту і парковак. Замест гэтага там створаць зялёныя зоны адпачынку, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. Для азелянення плануюць выкарыстоўваць дрэвы, кусты, шматгадовыя расліны і газоны. Наяўныя зялёныя насаджэнні абяцаюць захаваць.

Праектам прадугледжана 559 парковачных месцаў, у тым ліку 18 для людзей з дадатковымі патрэбамі. Усе паркоўкі размесцяць за межамі жылой забудовы. Праезд аварыйных і сэрвісных службаў у двары арганізуюць па ходніку з узмоцненым пакрыццём.
Для паляпшэння транспартнай даступнасці квартала рэканструююць скрыжаванне вуліц Таўлая і Бабіна Гара. З боку вуліцы Брыкеля арганізуюць кругавы рух. Таксама да новай забудовы можна будзе пад'ехаць з боку вуліцы Таўлая.
Забудоўшчыкам выступае брэсцкая кампанія «Бетонны вулей», а праект распрацавала мінская кампанія «ПраектПрыклад».
Грамадскія абмеркаванні праекта пройдуць з 23 лістапада па 7 снежня 2026 года. Прэзентацыя адбудзецца 3 снежня а 15:00 ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама на плошчы Антонія Тызенгаўза, 3, у кабінеце № 1 на першым паверсе.
Вынікі грамадскага абмеркавання плануюць апублікаваць на сайце Гродзенскага гарвыканкама да 21 снежня 2026 года.
Каментары