Стваральніца Belaruskicry упершыню пасля доўгай паўзы расказала, што цяпер з брэндам пасля прызнання яго экстрэмісцкім
У 2025 годзе папулярны брэнд Belaruskicry прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, а яго дырэктар па вытворчасці Ягор Бужылаў быў затрыманы. Пасля гэтага іх акаўнты перасталі абнаўляцца.

«Упершыню, больш чым за год, мы сустракаемся з вамі», — запісала прывітальнае відэа пасля працяглай цішыні стваральніца брэнда Саша Куркова. «Я вельмі сумавала. Больш за год маўчання, але не спынення».
Аляксандра распавяла, што сацыяльныя сеткі Belaruskicry пакуль застануцца ў тым стане, у якім яны ёсць цяпер.
«На гэта ёсць розныя прычыны, і я спадзяюся на ваша разуменне. Але ўвесь гэты час мы працягвалі ствараць вашы ўпрыгожванні, вы іх замаўлялі і мы будзем рабіць гэта далей».
Дызайнерка падзякавала ўсім, хто падтрымлівае іх працу, асобна адзначыўшы членаў каманды, якія зрабілі свой унёсак у развіццё Belaruskicry цягам пяці гадоў існавання.
Ад іншых каментароў прадстаўнікі брэнда на дадзены момант устрымліваюцца.
Вядома, што Аляксандра Куркова займаецца брэндам з Грузіі. Гэта не адзіны яе накірунак дзейнасці — пад маркай 2fingers дзяўчына стварае ўпрыгожванні з адбіткамі пальцаў ці, напрыклад, злепкам носіка ці лапкі хатняга гадаванца.
У Беларусі ж, скарыстаўшыся часовымі праблемамі ў Belaruskicry, іх вырабы пачалі плагіяціць іншыя ювеліры з All bling. Беларускамоўны дызайн — напрыклад, вырабы са словам «Буська» ці літарай «Ў», тыя сталі актыўна прадаваць акурат пасля таго, як з рынку ўнутры Беларусі прыбралі канкурэнтаў.
Каментары