«Выгуляю сабаку за 5 еўра». Як айцішнік выжывае ў Іспаніі — у Польшчы яго звольнілі за тое, што пераехаў
«Вучуся на кінолага і нядаўна страціў працу ў ІТ, таму шукаю падпрацоўку з сабачкамі», — напісаў Мікалай у threads. Аказалася, што хлопец — беларус, а звольнілі яго за тое, што ён з Польшчы пераехаў у Іспанію. Ягоную гісторыю прыводзіць Devby.io.

У 17 гадоў Мікалай пераехаў у Польшчу вучыцца на астраномію — хацеў стаць навукоўцам. Праўда, спраўдзіцца гэтай мары было не наканавана. Хлопец кажа, што ўзровень студэнтаў ва ўніверсітэце аказаўся занадта нізкім: выкладчыкам даводзілася тлумачыць ім базавую матэматыку, трыганаметрыю і фізіку, калі ўжо час быў ушчыльную займацца астрафізікай і разлікамі на нябеснай сферы.
«Праз 1,5 года я не вытрымаў з імі вучыцца і ўсё кінуў», — кажа ён.
— Калі з універам не склалася, я вырашыў пайсці ў ІТ. Пачаў адгукацца на вакансіі, мне даволі хутка ператэлефанавалі з аднаго стартапа. На наступны дзень прызначылі інтэрв’ю жыўцом і адразу зрабілі офер. Шчыра кажучы, я дасюль не разумею, чаму мяне не тое што ўзялі, а нават запрасілі на суразмоўе. Рэзюмэ ў мяне было жахлівае: замест досведу (якога не было) — пара радкоў пра тое, які я круты. Яшчэ і ў фармаце.pptx (фармат файлаў для электронных прэзентацый — НН). Цяпер разумею, які гэта крындж.
Так Мікалай пачаў працаваць у падтрымцы кліентаў. Паралельна паступіў завочна на інфарматыку і эканаметрыю. Праўда, гэтую вучобу потым таксама кінуў. Кажа, што не было грошай плаціць, ды і ў цэлым не бачыў сэнсу ў гэтым навучанні: шмат тэорыі, мала практыкі.
Так у хлопца засталася няскончаная вышэйшая адукацыя з дзвюх спробаў. Ці перашкаджае гэта знайсці працу ў ІТ, ён так і не зразумеў.
— Я праводзіў эксперымент і ў рэзюмэ ўказваў, нібыта скончыў універсітэт. Але больш водгукаў мне пасля гэтага прыходзіць не стала.
«Я не чакаў, што ў 2026 годзе магу быць абмежаваны краінай»
Апошняй кампаніяй, у якой працаваў Мікалай, была амерыканская EdTech з офісамі ў Польшчы, Вялікабрытаніі ды Індыі. Ён займаў пазіцыю T1 Support [першая лінія тэхнічнай падтрымкі — НН] і быў першым кантактам для кліентаў, якія сутыкаліся з тэхнічнымі праблемамі ў прадуктах кампаніі: адказваў на званкі і лісты, разбіраўся ў праблеме і шукаў рашэнні.
— Мне вельмі падабалася мая праца. І наогул гэта была першая фірма, у якой я адчуваў сябе спакойна: не перапрацоўваў, дакладна разумеў свае абавязкі, з кіраўніцтвам таксама ўсё было добра.
Звальненне адбылося раптоўна. Быў звычайны працоўны дзень, я руцінна выконваў свае абавязкі. Як назло, са сваёй праблемай патэлефанаваў самы складаны кліент, і мы гадзіну праз тэлефон высвятлялі, што здарылася і што можна зрабіць. На шчасце, праблема была вырашаная, кліент застаўся задаволены — і я са спакойным сумленнем пайшоў на міт з менеджарам, які мне прызначылі напярэдадні. Я нават чакаў гэтае сумоўе 1-на-1.
Яны праходзілі ў нас рэгулярна, але не вельмі часта, і мне гэтых сесій не хапала.
Аднак аказалася, што прызначаны званок быў не столькі з менеджарам, колькі з эйчарам. Менеджар папросту моўчкі сядзеў і слухаў, пакуль эйчар мне зачытваў, што я парушыў і чаму мяне звальняюць адным днём.
У канцы менеджар толькі дадаў, што ў мяне быў выдатны перформанс ды ім шкада мяне губляць. Дзякуй, вядома, але не ад усяго сэрца.
Як высветлілася, Мікалая звольнілі за тое, што ён з Польшчы пераехаў у Іспанію. Гэта не было ўказана ў кантракце, але прапісана ў польскім працоўным кодэксе пра спецыфіку дыстанцыйнай працы. Праз тое, што ў розных краінах розныя падаткі і сацыялка, фірма патэнцыйна парушала б іспанскія законы, калі б плаціла падаткі за Мікалая ў Польшчы.
— Я абсалютна не чакаў, што ў 2026 годзе я магу быць абмежаваны краінай. Тым больш што пра свой пераезд я папярэджваў менеджара загадзя і ніякіх праблем не было. Пытанні ўзніклі пазней у эйчара — і тое выпадкова. Я сам яму сказаў, што пераехаў, таму што хацеў папрасіць даведку з польскага ZUSа пра тое, што ў мяне ёсць медстрахоўка ў ЕС.
Насамрэч, праблему лёгка можна было вырашыць, перавёўшы мяне на B2B-кантракт. Але тады эйчару прыйшлося б выконваць сваю працу. Думаю, ён не захацеў ва ўсім гэтым разбірацца, таму папросту сказаў, што нічога нельга зрабіць — і мяне звольнілі.
Мікалай кажа, што адразу пасля гэтага званка адчуў дзікую крыўду, непаразуменне і злосць на ўсю сістэму. Калі чалавек працуе добра, то што яшчэ трэба? Якая розніца, дзе ён знаходзіцца?
Супакоіўшыся, Мікалай падумаў, што, магчыма, яно і да лепшага. Заробак быў не тое каб вялікі, затое досвед у фірме ўдалося атрымаць вельмі каштоўны. «Думаў, абнаўлю рэзюмэ, хутка знайду больш высокааплатную працу і буду жыць яшчэ лепей, чым раней».
Спойлер: не атрымалася.
«150 водгукаў, 30—40 аўтаадмоў і нуль суразмоўяў»
Шукаць новую працу Мікалай пачаў у той жа дзень. Абнавіў профіль у LinkedIn, паставіў планку Open to Work і напісаў пост пра сваё звальненне і пошук новых магчымасцяў. Амаль адразу яму напісалі тры рэкрутары — праўда, усе тры аказаліся махлярамі. Казалі, што ў іх ёсць пасуючыя пазіцыі, але спачатку трэба палепшыць рэзюмэ ў іх платнага кансультанта.
З таго часу прайшло ўжо больш за месяц. За гэты час хлопец адправіў каля 150 водгукаў, атрымаў каля 30—40 аўтаадмоў — і 0 суразмоўяў.
— Я не ведаю, што я раблю не так. Спачатку адгукаўся на пазіцыі, максімальна сумежныя з маёй — чытаю апісанне і гэта літаральна мой звычайны працоўны дзень. Але адказаў не было. Потым перарабіў рэзюмэ, каб спрабаваць падавацца ў тым ліку і на Т2 (больш тэхнічную падтрымку). Адказаў па-ранейшаму не было. Зноў перарабіў рэзюмэ і перапісаў даты працы так, каб не было прабелаў, — тая ж гісторыя. Адаптаваў рэзюмэ пад АТС — не дапамагло.
Такое адчуванне, што адзінае, што ўплывае, — гэта толькі колькасць водгукаў. Падасі на 500 вакансій — магчыма, атрымаеш 5 адказаў. І не важна, з якім рэзюмэ.
Я спадзяваўся, што на гэты раз знайсці працу будзе прасцей, бо калі раней я быў супрацоўнікам стартапаў без дакладна пазначанай пазіцыі, то цяпер — спецыяліст з досведам у добрай кампаніі. Бо менавіта гэта трэба рэкрутарам, так? Я ў гэтым ужо не ўпэўнены.
«Калі пачалі прылятаць адказы па пазіцыях, на якія я 100% пасаваў, я перастаў хацець знайсці працу»
— Я стаміўся думаць, што я раблю не так і як яшчэ можна паспрабаваць сябе прадаць, як зрабіць сябе больш заўважным для гэтых чортавых рэкрутараў. У нейкі момант я нават пісаў ім у LinkedIn, але ўсё без толку
Пасля таго, як мне пачалі прылятаць адказы па пазіцыях, на якія я 100% пасаваў, я перастаў хацець знайсці працу. Раней хоць нейкія водгукі ды скрынінгі былі, а цяпер наогул усё глуха. Больш за ўсё цісне непаразуменне, што не так з маім профілем і што трэба змяніць.
Мне падабаецца працаваць, я вельмі адказны чалавек і заўсёды выконваю свае абавязкі на 110%. Але пошук працы ў ІТ — гэта асобная няўдзячная праца, якой не хочацца займацца. Калі б мне прапанавалі працу, я б пагадзіўся, не думаючы. Але пакуль нават на суразмоўе ніхто не запрасіў…
«Сіл на тое, каб прадаваць сябе, у мяне зусім няма»
Пасля звальнення Мікалаю выплацілі заробак і кампенсацыю, якіх, паводле яго разлікаў, хопіць месяцы на тры. Каб жыць далей, ёсць яшчэ зберажэнні, але «адсутнасць даходу б’е па менталцы, асабліва калі ты ў Іспаніі з іхнімі цэнамі на жыллё».
Цяпер Мікалай натужліва вучыць іспанскую, праглядае лекцыі па кіналогіі і адначасова шукае кліентаў на выгул сабак і петсітынг.
— Я заўсёды любіў жывёлінаў, таму калі год таму мне трапілася рэклама курса па кіналогіі, я зацікавіўся. Праз працу не заўсёды ўдавалася бываць на занятках, але, на шчасце, навучанне праходзіць анлайн і ўсе ўрокі даступныя ў запісе, таму цяпер я папросту наганяю страчанае.
Хачу знайсці сваіх першых пастаянных кліентаў на выгул/сітынг, скончыць курс па кіналогіі ды здаць практычны экзамен — для гэтага мне трэба падрыхтаваць трох сабак і гаспадароў.
Калі б на працы з жывёламі можна было зарабляць добрыя грошы (3000€+ чыстымі), я б дакладна кінуў ІТ. У рэальнасці больш верагодны сцэнар 50/50, калі адна палова даходу ідзе з дыстанцыйнай працы, а другая — ад жывёлінаў. Калі пафантазіраваць, я б яшчэ стаў блогерам і выкладаў бы скалалазанне (гэта маё хобі), але без фінансавай базы дайсці туды нерэальна.
У перспектыве, магчыма, я мог бы яшчэ ствараць нейкія міні-курсы са зваротнай сувяззю для гаспадароў, але да гэтага наперадзе яшчэ доўгі шлях з наборам практыкі праз наўпроставую працу з кліентамі.
Думаю, што калі падцягну мову, хутчэй знайду звычайную фізічную працу кшталту барыста ці хаця б памочніка на кухні, чым па спецыяльнасці ў ІТ. Рэзюмэ ўсё яшчэ планую рассылаць, але, калі шчыра, ужо нават стала страшнавата ад думкі, што рэальна запросяць на суразмоўе. Сіл на тое, каб прадаваць сябе, у мяне зусім няма.
Каментары
А што да сабачак - калі да гэтага падыходзіць сур'ёзна, выхоўваць іх, даглядаць штодня, можа і бізнэс выйдзе. Трэба вызначыцца дакладна з тэмай і аўдыторый.
А вось і не - у Польшчы нкльга пераводзіць людзей з Умовы о Працы на Б2Б. [Рэд. Выдалена]
[Зрэдагавана]