Свет11

Еўракамісія прапанавала выдаць Украіне 45 мільярдаў еўра пад агульны доўг краін ЕС

Еўракамісія прапанавала выдаць Украіне дадатковы крэдыт сумай 45 мільярдаў еўра, які будзе забяспечаны сумеснымі пазыкамі краін Еўрасаюза. Грошы плануюць накіроўваць на падтрымку ўкраінскай эканомікі і закупку ўзбраенняў на фоне працяглых расійскіх атак, піша Euronews.

Урсула фон дэр Ляен. AP Photo/Geert Vanden Wijngaert

Пра прапанову ў сераду паведаміла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. З агульнай сумы 20 мільярдаў еўра прызначаюцца на фінансавую дапамогу, яшчэ 25 мільярдаў — на набыццё вайсковай тэхнікі і ўзбраенняў, у тым ліку беспілотнікаў, ракет і перахопнікаў для сістэм супрацьпаветранай абароны. Сродкі плануюць паступова пералічваць на працягу 2027 года.

Гэты крэдыт стане дадаткам да раней узгодненай праграмы падтрымкі на 90 мільярдаў еўра. Пра яе лідары ЕС дамовіліся ў снежні мінулага года.

Фон дэр Ляен заявіла, што разлічвае на падтрымку прапановы ўсімі 27 краінамі Еўрасаюза. Аднак Славакія, Чэхія, Венгрыя і Балгарыя ўжо далі зразумець, што не хочуць удзельнічаць у фінансаванні. Падчас папярэдніх перамоў Славакія, Чэхія і Венгрыя дамагліся права не далучацца да гэтай праграмы і цяпер імкнуцца захаваць такую магчымасць.

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц выступіў за тое, каб рашэнне падтрымалі ўсе 27 дзяржаў. Ён прыгразіў накласці вета на наступны бюджэт ЕС, у тым ліку на сродкі для палітыкі згуртавання, калі дамовіцца пра новую дапамогу Украіне не ўдасца. Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца назваў такую пазіцыю шантажом.

Фон дэр Ляен падтрымала Мерца і патлумачыла, што крэдыт падзелены на цывільную і вайсковую часткі, каб улічыць пярэчанні краін, якія выступаюць супраць паставак зброі.

Лідары ЕС упершыню абмяркуюць прапанову на наступным тыдні ў Бруселі. Адначасова яны будуць разглядаць і пытанне будучага бюджэту Еўрасаюза.

Асобная праблема — кошт пазыковых сродкаў. Нягледзячы на найвышэйшы крэдытны рэйтынг Еўракамісіі, прыцягненне 45 мільярдаў еўра на фінансавых рынках будзе дарагім. Сёлета працэнтныя стаўкі значна выраслі на фоне высокіх цэн на энерганосьбіты, геапалітычнай нестабільнасці і асцярог інвестараў. Таму абслугоўванне новай пазыкі можа штогод абыходзіцца ЕС на мільярды еўра.

Паводле прапанаванай схемы, вяртанне асноўнай сумы крэдыту будзе звязанае з атрыманнем Украінай рэпарацый ад Расіі. Калі Масква адмовіцца выплачваць кампенсацыю, Брусель пакідае за сабой магчымасць выкарыстаць замарожаныя расійскія актывы, агульны аб'ём якіх ацэньваецца на 210 мільярдаў еўра. Ад Кіева не чакаюць, што ён будзе вяртаць пазыку за кошт уласных сродкаў.

Фон дэр Ляен паведаміла, што ў прапанове прадугледжаная магчымасць непасрэдна выкарыстаць замарожаныя расійскія грашовыя сродкі для пагашэння крэдыту. Еўракамісар па эканоміцы Валдзіс Дамброўскіс дадаў, што яшчэ трэба перагледзець праект бюджэту ЕС, каб вызначыць, ці будуць працэнты за пазыку выплачвацца ў межах будучай дапамогі Украіне або асобна.

Новыя 45 мільярдаў еўра павінны дапоўніць крэдыт на 90 мільярдаў, які цяпер паступова выплачваецца. Папярэдняя праграма разлічвалася зыходзячы з таго, што вайна Расіі супраць Украіны можа скончыцца ў 2026 годзе. Аднак баявыя дзеянні працягваюцца, а расійскія атакі на ўкраінскую інфраструктуру ўзмацніліся.

Абстрэлы парушаюць працу прадпрыемстваў, ускладняюць гандаль і выклікаюць маштабныя адключэнні электрычнасці. Гэта скарачае магчымасці ўкраінскай дзяржавы збіраць падаткі і забяспечваць працу дзяржаўных службаў, павялічваючы залежнасць краіны ад замежнай дапамогі.

У бюджэце Украіны на 2027 год утварыўся дэфіцыт сумай 70 мільярдаў еўра. Новы крэдыт ЕС павінен кампенсаваць каля дзвюх трацін гэтай сумы. Астатнюю частку плануюць атрымаць ад іншых партнёраў Украіны, сярод якіх Вялікабрытанія, Нарвегія, Канада і Японія.

Акрамя таго, Брусель дазволіць краінам-саюзніцам з найвышэйшым крэдытным рэйтынгам выдаць яшчэ да пяці мільярдаў еўра ў дадатак да асноўнага крэдыту.

Каментары1

  • Арах и компания
    18.11.2026
    Приветствуем решение Евросоюза!

Цяпер чытаюць

«Цяпер я здаю 41 кватэру ў Мінску і хачу вырасці да 100 кватэр». Беларус расказаў пра бізнэс на кароткатэрміновай арэндзе жылля14

«Цяпер я здаю 41 кватэру ў Мінску і хачу вырасці да 100 кватэр». Беларус расказаў пра бізнэс на кароткатэрміновай арэндзе жылля

Усе навіны →
Усе навіны

Жанчына злавіла ў Друці больш чым 13‑кілаграмовага шчупака ФОТАФАКТ4

У Дзяржынску ў пенсіянеркі здарыўся інсульт адразу пасля таго, як яе выпісалі з бальніцы пасля аперацыі1

Google зрабіла стаўку на тэхналогію, якая для здабычы электрычнасці выпарвае горныя пароды5

У Беларусі збіраюцца больш актыўна паляваць на зуброў1

У Жабінкаўскім раёне ў ДТЗ загінулі два чалавекі

У Інданезіі сустрэлі змяю, якая паставіла сусветны рэкорд па даўжыні

У Беларусі паскорыўся рост ВУП5

Юшкевіч: Аднойчы мне прапанавалі: «Адно слова па-польску — 5 сутак ШІЗА. Рызыкнеш?»12

У мінскае метро маладзён хацеў зайсці з небяспечным кіем3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Цяпер я здаю 41 кватэру ў Мінску і хачу вырасці да 100 кватэр». Беларус расказаў пра бізнэс на кароткатэрміновай арэндзе жылля14

«Цяпер я здаю 41 кватэру ў Мінску і хачу вырасці да 100 кватэр». Беларус расказаў пра бізнэс на кароткатэрміновай арэндзе жылля

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць