«На жаль, многія людзі нават не ведаюць слова «барэльеф». Як беларуска стварае творы мастацтва з гіпсу
Анастасія Кергет пасля заканчэння ўніверсітэта два гады працавала юрыстам у Беларусі. Потым зразумела, што юрыспрудэнцыя — гэта не яе. Беларуска занялася стварэннем барэльефаў. Яе працы ўпрыгожваюць некалькі беларускіх чыгуначных вакзалаў, а цяпер афармляе рэстараны і медыцынскія цэнтры ў Польшчы.

У інтэрв’ю spravy.io Анастасія расказала, колькі каштуе стварэнне барэльефа і чаму не ўсе людзі ведаюць, што гэта такое.
«Не стала адмаўляцца, а вырашыла рызыкнуць»
— Калі працавала юрыстам, то не адчувала, што знаходжуся на сваім месцы, і не хацела далей развівацца ў гэтай прафесіі.
Знаёмства з барэльефамі пачалося ў 2015 годзе зусім выпадкова — у мяне спыталі, ці змагу я зрабіць барэльеф. На той момант нават не ўяўляла, як менавіта ствараюцца такія працы і якія матэрыялы патрэбныя. Але ў дзяцінстве наведвала мастацкую школу, таму пэўныя навыкі малявання былі. І вырашыла рызыкнуць — не адмовілася, а сказала: «Добра, я паспрабую».
З гэтага пачалося самастойнае навучанне: шукала інфармацыю ў інтэрнэце, чытала артыкулы, глядзела відэа на YouTube. Тады матэрыялаў было вельмі мала, таму шмат чаго даводзілася спасцігаць метадам спроб і памылак.
Першую працу зрабіла на звычайным лісце гіпсакардону — гэта быў замак. Вынік спадабаўся і навакольным, і мне самой. Але галоўнае — я атрымала задавальненне ад працэсу і адчула, што знайшла занятак, які сапраўды захапляе.

Пачала глыбей вывучаць тэхніку, эксперыментаваць з матэрыяламі, асвойваць новыя прыёмы, брацца за больш складаныя працы. Зрабіла некалькі барэльефаў сваякам. Так зусім нечакана захапленне ператварылася ў справу майго жыцця. Я канчаткова пакінула юрыспрудэнцыю і прысвяціла сябе творчасці.
— Што такое барэльеф?
— Гэта аб’ёмная карціна на сцяне, якая ствараецца з гіпсу або іншых матэрыялаў. У адрозненне ад звычайнай плоскай карціны, тут выява не проста намаляваная. Яна выступае над паверхняй сцяны, ствараючы аб’ём, глыбіню і гульню святла і ценю.

Я раблю барэльефы цалкам уручную. Не выкарыстоўваю сіліконавыя формы, гатовыя элементы або нарыхтоўкі. Усё, ад агульнай кампазіцыі да самых дробных дэталяў, ляплю ўласнымі рукамі непасрэдна на сцяне. Пасля лепкі праца праходзіць некалькі этапаў апрацоўкі: грунтуецца, умацоўваецца ахоўнымі сродкамі і фарбуецца.
Галоўная асаблівасць маіх барэльефаў — унікальнасць. Гэта не рэч масавай вытворчасці, якую можна купіць у краме, а твор мастацтва, створаны спецыяльна для пэўнай прасторы. Нават калі захачу паўтарыць адну са сваіх прац, дакладнай копіі ўсё роўна не атрымаецца.

Стварэнне барэльефа — вельмі карпатлівы і тэхнічна складаны працэс. Кожны выгін, фактура, лісточак або пялёстак фармуюцца і прапрацоўваюцца ўручную. У гэтым, на мой погляд, і палягае каштоўнасць такой працы.
— Якія бываюць барэльефы і для якіх памяшканняў яны падыходзяць?
— Зусім розныя: кветкавыя кампазіцыі, пейзажы, архітэктура, выявы людзей і жывёл, абстрактныя формы або цэлыя сюжэтныя карціны.

Калі казаць пра прымяненне, то барэльефы можна ствараць як унутры памяшканняў, так і звонку. Напрыклад, на фасадах будынкаў. Я спецыялізуюся менавіта на інтэр’ерных барэльефах. Іх можна выкарыстоўваць практычна ў любой прасторы: у прыватных дамах і кватэрах, рэстаранах, гатэлях, салонах прыгажосці, буціках, клініках, офісах і на чыгуначных вакзалах.
«Прадстаўнікі чыгункі самі знайшлі мяне праз мой сайт»
— Як вы атрымалі заказ на стварэнне барэльефаў на беларускіх вакзалах?
— Першы такі буйны праект з’явіўся ў Рагачове дзякуючы дзяржаўнаму конкурсу, які праводзіла Беларуская чыгунка. Прадстаўнікі чыгункі самі знайшлі мяне праз мой сайт, патэлефанавалі і прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе эскізаў для мастацкага афармлення. На той момант у Беларусі было няшмат майстроў, якія прафесійна займаліся барэльефамі. Знайсці выканаўцаў, думаю, было няпроста.

Далі час на распрацоўку эскізаў. Я прадумала кампазіцыю, намалявала варыянты, і ў выніку мой праект перамог. Акрамя мяне, конкурс выйграла яшчэ адна каманда з Мінска. Мы падзялілі працу: я ўзялася за залы чакання, а мінская каманда займалася памяшканнем пры ўваходзе.

Я з Баранавічаў, таму ехаць у Рагачоў было для мяне далёкай камандзіроўкай, каб ствараць барэльеф на месцы. Праца над такім маштабным праектам патрабавала вялікай адказнасці, бо вакзал — гэта грамадскае месца, праз якое штодзень праходзіць вялікая колькасць людзей. Хацелася зрабіць не проста дэкаратыўную працу, а нешта асаблівае, што будзе ўпрыгожваць будынак доўгія гады.
— Якія яшчэ барэльефы вы стваралі для беларускіх вакзалаў?
— Пасля Рагачова з’явіўся заказ на афармленне чыгуначнага вакзала ў Слоніме да Дня беларускага пісьменства. Я зноў перамагла ў конкурсе Беларускай чыгункі і стварыла там некалькі кампазіцый. Адна з іх была прысвечана гісторыі горада і яго архітэктурным славутасцям. Хацелася перадаць гістарычную атмасферу Слоніма, паказаць яго пазнавальныя будынкі і культурную спадчыну.

У другой зале я працавала над традыцыйнымі беларускімі матывамі: з бусламі, гняздом і сям’ёй. Буслы для мяне — вельмі прыгожы сімвал Беларусі, які асацыюецца з родным домам і цяплом.
Трэцім праектам для чыгункі стала афармленне залы чакання на вакзале ў Гарадзеі, недалёка ад Нясвіжа. Там я стварала барэльефы з выявамі двух знакамітых архітэктурных помнікаў — Мірскага і Нясвіжскага замкаў.

Мне падабалася працаваць над гэтымі праектамі, бо яны былі звязаны з гісторыяй і культурай Беларусі. У мяне з’явілася магчымасць праз мастацтва расказаць пра нашу краіну.

— Якія яшчэ цікавыя заказы былі ў вашай практыцы?
— Кожны заказ па-свойму адметны. Сярод дзяржаўных заказаў значнымі сталі менавіта праекты на вакзалах. Акрамя іх, я афармляла рэстаран. Большая частка маіх прац у Беларусі стваралася для прыватных інтэр’ераў — дамоў і кватэр.

У 2019 годзе фірма, якая рабіла ў Жыровічах рамонт да 500‑годдзя манастыра, шукала майстра для стварэння барэльефа. Знайшлі мяне, і я бясплатна зрабіла для манастыра дзве карціны — з выявамі Ісуса і Божай Маці. Іх можна ўбачыць там, дзе знаходзіцца крыніца.


«Дзякуючы ChatGPT нам з заказчыкам значна прасцей зразумець адно аднаго»
— Як ствараецца барэльеф?
— Усё пачынаецца з ідэі. Яна ніколі не існуе асобна ад памяшкання, бо барэльеф павінен гарманічна ўпісвацца ў інтэр’ер.
Першы этап — знаёмства з прасторай. Аглядаю памяшканне. Вывучаю яго асаблівасці, вызначаю, на якой сцяне лепш размясціць працу, якога памеру яна павінна быць і як будзе выглядаць у інтэр’еры. Гэта вельмі важна. Нават самая прыгожая кампазіцыя можа выглядаць няўдала, калі няправільна выбраць месца або прапорцыі.
Другі этап — распрацоўка канцэпцыі. Калі ў заказчыка ёсць гатовы дызайн-праект, арыентуюся на яго. Калі не — абмяркоўваем пажаданні, стыль памяшкання, настрой і магчымыя сюжэты.

Раней гэты працэс быў больш складаным: я прыдумляла кампазіцыі ў галаве, малявала ад рукі, шукала патрэбныя выявы ў інтэрнэце і спалучала розныя элементы. Цяпер сучасныя тэхналогіі значна спрасцілі падрыхтоўку — напрыклад, выкарыстоўваю ChatGPT для візуалізацыі ідэй. Апісваю словамі элементы, іх размяшчэнне і настрой, а потым дапрацоўваю атрыманыя малюнкі.
Гэта вельмі зручна. Калі тлумачыш задуму на словах, у кожнага ў галаве ўзнікае свой вобраз. А так магу адразу паказаць некалькі варыянтаў. Заказчыкі таксама могуць самі згенераваць выявы і паказаць, што ім падабаецца. Дзякуючы гэтаму нам значна прасцей зразумець адно аднаго. Вядома, сама ідэя, кампазіцыя, мастацкае рашэнне і рэалізацыя застаюцца маёй творчай працай. Штучны інтэлект — толькі інструмент.

Трэці этап — стварэнне эскіза і візуалізацыі. Калі канцэпцыя вызначана, я малюю паўнавартасны эскіз на графічным планшэце ў маштабе і з рэальнымі памерамі будучага барэльефа. Затым раблю візуалізацыю, каб заказчык убачыў, як менавіта праца будзе выглядаць на яго сцяне. Узгадняем дэталі, пры неабходнасці ўносім змены, пасля чаго падпісваем дамову, і я бяруся за справу.
Далей пачынаецца самая працаёмкая частка — лепка і аздабленне. Я ўручную фармую аб’ём кампазіцыі з гіпсу, прапрацоўваю рэльеф і выразаю дробныя дэталі. Калі гіпс цалкам высах, пачынаецца фінішная апрацоўка: грунтаванне, умацаванне паверхні і фарбаванне.
— У вас ёсць свая майстэрня?
— Не, і патрэбы ў ёй ніколі не было. Паколькі я не адліваю аднолькавыя дэкаратыўныя дэталі, а ляплю ўсё ўручную непасрэдна на месцы, з улікам архітэктуры і памераў канкрэтнай прасторы, маёй майстэрняй на час працы становіцца само памяшканне заказчыка.

— Якія матэрыялы выкарыстоўваеце?
— Асноўны матэрыял — гіпс. За гады практыкі спрабавала розныя тэхнікі і матэрыялы, але менавіта гіпс стаў маім любімым. Ён дазваляе ствараць як буйныя аб’ёмныя формы, так і вельмі тонкую, практычна ювелірную дэталізацыю. Акрамя таго, гэта натуральны мінеральны матэрыял, які выдатна падыходзіць для ўнутранага аздаблення: пры правільнай тэхналогіі ён трывалы і даўгавечны.
— Колькі часу займае стварэнне барэльефа?
— Усё вельмі індывідуальна і залежыць ад памеру працы, складанасці кампазіцыі і колькасці дробных дэталяў. Простая абстрактная кампазіцыя без складанай архітэктуры і перспектывы можа заняць прыкладна два тыдні. Калі гэта складаны сюжэт з архітэктурай, геаметрыяй, перспектывай, тварамі людзей або мноствам дробных элементаў, працэс расцягваецца.

Тэрміны вызначае не толькі хуткасць маіх рук, але і тое, наколькі хутка сохне гіпс. Нельга скончыць лепку і адразу пачаць фарбаваць — трэба вытрымліваць тэхналогію і чакаць поўнага высыхання. На гэта ўплываюць тэмпература, вільготнасць паветра і праветрыванне. Улетку праца звычайна ідзе хутчэй, а ў вільготным памяшканні гіпс сохне даўжэй.
«Упершыню выкарыстоўваю інтэграваную дэкаратыўную падсветку барэльефа»
— Якія барэльефы вы стварылі ў Польшчы?
— Удалося рэалізаваць некалькі зусім розных праектаў: афармленне рэстарана польскай кухні, рэстарана грузінскай кухні, а таксама два праекты для клінік. Цяпер працую над трэцім рэстаранам — зноў з грузінскай тэматыкай.
У кожным з іх былі новыя творчыя задачы, спрабавала тое, чаго раней не рабіла. Напрыклад, у адной з клінік займалася мастацкім афармленнем зоны рэгістрацыі. Разам з дызайнерам прыдумалі эксклюзіўнае рашэнне адмыслова для гэтага інтэр’еру — такой зоны больш нідзе няма. Мне вельмі падабаецца ствараць рэчы, якія немагчыма проста купіць у краме або паўтарыць у іншым месцы.

У другой клініцы я зрабіла вельмі пяшчотны і сімвалічны барэльеф — вобраз маці з немаўлём на руках. У аснове кампазіцыі — ідэя мацярынства, новага пачатку і вобраз дрэва жыцця. Атрымалася кранальная, спакойная праца з глыбокім сэнсам — зусім іншая тэматыка і настрой у параўнанні з маімі папярэднімі праектамі.

Асобнае месца ў маёй творчасці займаюць грузінскія рэстараны. Мне вельмі блізкая прыродная тэматыка, таму працаваць над такімі кампазіцыямі асабліва прыемна.

У праекце, над якім працую цяпер, упершыню выкарыстоўваю інтэграваную дэкаратыўную падсветку барэльефа. Гэта зусім новы для мяне досвед. Святло будзе падкрэсліваць аб’ём, глыбіню і фактуру рэльефу, ствараць выразныя цені і вылучаць асобныя элементы. У залежнасці ад інтэнсіўнасці асвятлення барэльеф будзе выглядаць па-рознаму, а сцяна стане яркім акцэнтам інтэр’еру. Мне вельмі падабаецца эксперыментаваць з такімі рашэннямі — яны адкрываюць новыя магчымасці.
— З іншых краін заказы паступалі?
— Цяпер мая дзейнасць абмяжоўваецца Польшчай. Хаця ўжо звярталіся людзі з іншых краін з прапановамі супрацы. На жаль, як і ў многіх беларусаў, мае дакументы на легалізацыю знаходжання ўжо шмат месяцаў знаходзяцца на разглядзе. Праз гэта пакуль не магу свабодна выязджаць за межы Польшчы, але ў будучыні хацелася б пашырыць геаграфію працы.
— Як вы шукаеце заказчыкаў і прасоўваеце сваю дзейнасць?
— Спрабавала розныя спосабы: рэкламу ў Google, прасоўванне ў Instagram і Facebook, нават распаўсюджвала рэкламныя ўлёткі.
Выйсці на новы рынак, дзе цябе ніхто не ведае, — няпростая задача, асабліва ў такім незвычайным кірунку. Адна з галоўных складанасцяў — данесці да людзей саму ідэю, што дома, у рэстаране або офісе можна зрабіць унікальны твор мастацтва, створаны спецыяльна для гэтай прасторы.

Многія людзі нават не ведаюць слова «барэльеф» і не ўяўляюць, як ён можа выглядаць у сучасным інтэр’еры. А тыя, хто знаёмы з гэтым паняццем, часта ўяўляюць нешта з мінулага: барэльефы на старадаўніх будынках і калонах, манументальныя савецкія кампазіцыі або старажытнагрэчаскіх багоў.
Сучасны барэльеф — гэта зусім іншы кірунак. Ён можа быць пяшчотным, мінімалістычным, рэалістычным, абстрактным, адлюстроўваць прыроду, кветкі, горы, архітэктуру або цэлыя мастацкія сюжэты. Дзякуючы сучасным рашэнням накшталт дэкаратыўнай падсветкі кампазіцыі становяцца яшчэ больш выразнымі. Мая задача цяпер — не толькі шукаць заказчыкаў, але і знаёміць людзей з гэтым відам мастацтва.

— Хто цяпер заказвае ў вас барэльефы?
— Большасць маіх кліентаў у Польшчы — рускамоўныя. Палякі таксама цікавяцца маімі працамі, але пакуль іх сярод заказчыкаў значна менш.
«Цэны на барэльефы пачынаюцца ад 600 еўра за квадратны метр»
— Колькі каштуе стварэнне барэльефа і ад чаго залежыць цана?
— Кожны барэльеф — індывідуальная праца, таму адзінага прайс-ліста ў мяне няма. Кошт залежыць ад складанасці кампазіцыі, колькасці дробных дэталяў, глыбіні рэльефу і аб’ёму працы. Калі ў кампазіцыі ёсць архітэктурныя элементы, складаная геаметрыя, перспектыва або рэалістычныя твары людзей, гэта патрабуе значна больш часу і дакладнасці.

Нават калі казаць пра звычайныя кветкі, немагчыма назваць адну цану. Кветкавая кампазіцыя можа быць як лаканічнай, так і вельмі складанай, з мноствам пялёсткаў і лісця. Таму кожны праект разлічваю індывідуальна, зыходзячы з зацверджанага эскіза, памераў і пажаданняў заказчыка.
Пачатковы кошт акрэсліць магу: цэны пачынаюцца ад 2800 злотых за квадратны метр, уключаючы працу і матэрыялы. Больш дэталізаваныя кампазіцыі каштуюць даражэй.

— Стварэнне барэльефаў — гэта ваша асноўная праца? Наколькі гэта выгадна?
— Так, гэта мая прафесійная дзейнасць і справа жыцця. Пакуль не магу сказаць, што зарабляю столькі, колькі хацелася б. Але імкнуся да гэтага. Мне складана адназначна ацаніць, наколькі гэта выгадны бізнес, бо я ўсё яшчэ асвойваю новы рынак. Галоўнае — я сапраўды люблю сваю працу. Мне падабаецца прыдумляць кампазіцыі, увасабляць ідэі і бачыць, як звычайная сцяна ператвараецца ў твор мастацтва. Шчыра кажучы, не хацела б займацца нечым іншым.
Галоўная цяжкасць цяпер у тым, што даводзіцца практычна наноў выбудоўваць справу ў іншай краіне. У Беларусі я працавала шмат гадоў, у мяне былі імя, партфоліа, досвед і рэпутацыя. Людзі самі знаходзілі мяне праз сайт або па рэкамендацыях, не патрабавалася столькі высілкаў на рэкламу. У Польшчы ўсё пачынаецца з нуля: іншае грамадства, іншыя правілы рынку, людзі яшчэ не ведаюць мяне і маіх магчымасцяў. Я сама пакуль вывучаю, як тут наладжаны працэсы і як лепш выбудоўваць зносіны з заказчыкамі.
Гэты шлях не заўсёды просты. Але ў мяне шмат творчых ідэй, бачу велізарны патэнцыял свайго кірунку — асабліва ў афармленні рэстаранаў, гатэляў, клінік і грамадскіх прастор. Веру, што з часам усё атрымаецца.

«Многія людзі нават не заўважаюць, колькі прыгажосці хаваецца ў архітэктуры вакол нас»
— Якія планы на будучыню?
— Цяпер працягваю развівацца ў Польшчы. Мне падабаецца ствараць маштабныя кампазіцыі для грамадскіх прастор, якія становяцца часткай архітэктуры і фарміруюць асаблівую атмасферу.
У далёкай перспектыве хачу, каб мае працы ўпрыгожвалі аб’екты і ў іншых краінах Еўропы. Мне асабліва блізкія праекты, звязаныя з архітэктурай, прыродай, гісторыяй і культурай розных народаў. Хочацца рабіць не проста дэкаратыўныя пано, а кампазіцыі з ідэяй і гісторыяй. І, вядома, хочацца, каб пра ручную лепку ў інтэр’еры даведвалася ўсё больш людзей.
— Якія барэльефы ў Беларусі, Польшчы або іншых краінах вы параілі б паглядзець?
— Складана вылучыць некалькі канкрэтных прац. Рэльефнае мастацтва існуе шмат стагоддзяў, і ў розных краінах шмат дзівосных твораў. Нават у Варшаве, дзе я цяпер жыву, можна ўбачыць выдатныя прыклады — на Палацы культуры і навукі або на вуліцах у старым горадзе.
У Беларусі таксама вельмі шмат адметнага рэльефнага мастацтва — на фасадах будынкаў, помніках архітэктуры і ў грамадскіх прасторах. Калі проста прайсціся па праспекце Незалежнасці ў Мінску і ўважліва разгледзець фасады, можна заўважыць мноства прыгожых дэкаратыўных элементаў і арнаментаў.
З больш маштабных твораў можна згадаць манумент Перамогі ў Мінску або комплекс «Брэсцкая крэпасць». Тут важна разумець, што гэта пераважна гарэльефы, а не барэльефы. Паміж імі ёсць розніца: у барэльефе выява выступае над плоскасцю фону не больш чым на палову свайго аб’ёму, а ў гарэльефе — больш чым напалову, таму фігуры выглядаюць значна больш аб’ёмнымі і могуць практычна аддзяляцца ад фону.
Сярод сучасных майстроў, якія моцна паўплывалі на мяне, абавязкова хацела б згадаць Георгія Тандашвілі. Зусім нядаўна яго не стала. На маю думку, гэта велізарная страта для ўсяго свету дэкаратыўнага мастацтва. Сачыла за яго творчасцю з самага пачатку свайго шляху. Вельмі хацела трапіць на яго майстар-класы і пазнаёміцца асабіста. Але спачатку перашкодзіла пандэмія, затым пераезд у іншую краіну — на жаль, ажыццявіць гэтую мару так і не ўдалося.
Многія людзі нават не заўважаюць, колькі прыгажосці хаваецца ў архітэктуры вакол нас. Часам дастаткова проста падняць галаву і ўважліва паглядзець на фасады і франтоны старадаўніх будынкаў. Там можна ўбачыць дзівосныя рэльефы, чалавечыя фігуры, арнаменты і цэлыя сюжэты, якія нібы расказваюць гісторыю горада. Я вельмі люблю звяртаць увагу на такія дэталі. Напэўна, гэта ўжо прафесійная звычка — разглядаць, як майстар перадаў аб’ём, прапрацаваў фактуру і як святло і цень падкрэсліваюць кожную дэталь.

Цяпер чытаюць
Праектавалі кароўнікі і акумулятарны завод, а цяпер узяліся за барока. З велічнага езуіцкага калегіума ў Пінску збіраюцца збіць увесь тынк — а ён быў распісаны фрэскамі
Каментары