Кіно

«Супернікі» — гарэзлівы серыял пра сэкс, інтрыгі і брытанскія эліты

Тыдзень таму ў Брытаніі прэзентавалі серыял «Супернікі» (Rivals) — грымучую гісторыю пра арыстакратаў і тэлебачанне 1980-х, прыпраўленую сатырай і агромністай колькасцю сэксу. Расказваем пра гэты праект, які ўжо займеў вялікі поспех.

Фота: кадр з трэйлера серыяла

Гэта Брытанія 1980-х, выдуманае графства Ратшыр на паўднёвым захадзе Англіі. Лорд Тоні Бадынгем развівае незалежны тэлеканал Corinium і пераваблівае туды ірландскага тэлежурналіста Дэклана О’Хара. Той захрас у ВВС і фармальных гутарках з мясцовымі селебрыці, дзе кожнае слова мусіць быць выверана і няма ні шансу на жывую журналістыку.

О’Хара перабіраецца ў Ратшыр, але на новым месцы ўсё складаней, чым ён чакаў. Амерыканская прадзюсарка Кэмеран Кук, якую таксама перавабілі ў Corinium, навязвае Дэклану сваё бачанне працы, жонка не радая пераезду, і трэба ж яшчэ паклапаціцца пра дзвюх дачок.

Тым часам нарастае суперніцтва паміж Бадынгемам і заможным парламентарыем Рупертам Кэмпбелам-Блэкам. Гэты былы спартовец вылучаецца не амбітнымі праектамі, як Бадынгем, а хутчэй эксцэнтрычнасцю і любоўю да сэксу — з гэтага, уласна, і пачынаецца серыял. Руперт адначасова заводзіць раман з журналісткай і з жонкай члена парламента, а з апошняй яшчэ і гуляе ў тэніс — вельмі брытанская гульня, калі не ўдакладняць, што гэты тэніс голы.

Здаецца, жыхары Ратшыра ўвогуле вырашаюць у спальнях не менш пытанняў, чым у офісах ды гасцёўнях.

Серыял знялі па аднайменным рамане-бестсэлеры ад пісьменніцы Джылі Купер. Ёй, былой журналістцы, давялося папрацаваць у буйным брытанскім медыя — кансерватыўным выданні The Mail on Sunday, так што пад перажываннямі Дэклана, якога завалілі цэнзурай на ВВС, ляжыць рэальны досвед і разуменне сферы. 

80-я — час яркай музыкі, экстравагантнай моды і весялосці. Кніга Купер — канцэнтрат усяго гэтага, і стваральнікі серыяла таксама добра перадалі атмасферу той эпохі. «Супернікаў» можна глядзець усім, каму ў жыцці не хапае колеру і пазітыву: справу выправяць не толькі яркае адзенне і макіяж у стылі 80-х, але і жывыя фарбы англійскіх пейзажаў, старых арыстакратычных дамоў і нават машын.

Калі стваральнікі серыяла хацелі прызнацца ў любові да 80-х, у іх гэта дакладна атрымалася.

Фота: кадр з трэйлера серыяла

Але рэч не толькі ў візуале. Адну з галоўных роляў, амплуа Тоні Бадынгема, аддалі шатландцу Дэвіду Тэнанту, вядомаму сваімі ролямі ў тэлефільмах — да прыкладу, вы маглі бачыць яго ў іканічным серыяле ВВС «Доктар Хто». Кампанію Тэнанту, вядомаму таксама і па працы ў тэатры, склаў яшчэ адзін напаўтэатральны брытанец Алекс Хасэл і россып іншых зорак брытанскага тэлебачання.

Усе яны граюць настолькі задзёрыста, каб зберагчы гуллівую атмасферу кнігі Джылі Купер і саміх 80-х. Атмасфера, адзенне, буйства фарбаў і гармонаў, сюжэт — выглядае, што акцёры акунаюцца ва ўсё гэта з відавочнай асалодай. 

У нечым гэта «Брыджэртаны», толькі пра 80-я. І нездарма крытыкі прынялі «Супернікаў» гэтак жа добразычліва: на папулярным рэсурсе IMDB у іх рэйтынг 8 балаў з 10.

На іншай сусветна вядомай пляцоўцы, Rotten Tomatoes, рэйтынг «Супернікаў» па рэцэнзіях дасягае 92%. Відаць, нам нядоўга чакаць другога сезона — калі на двары эпоха няпэўнасці, прыемна хавацца ад яе ў яркім мінулым.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

«Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча12

«Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча

Усе навіны →
Усе навіны

Падчас расійскага ўдару па Львове там была беларуская дэлегацыя5

«Людзі п'юць з балота». Лукашэнка абурыўся якасцю вады ў Смаргоні4

Філасофскія гурткі, «вышэйшыя сілы», платныя курсы, пашпарт грамадзяніна Метагалактыкі — раскрыта дзейнасць секты4

Жыццё па падпісцы. У «Паўночным Беразе» скардзяцца на платную падпіску, патрэбную, каб карыстацца ўсімі функцыямі жыллёвага комплексу13

З'явіўся новы спадарожнікавы здымак пашкоджанняў Керчанскага моста6

Цыганкоў: Рост аўтсайдарства мужчын, іх сыход у парнаграфію і анлайн-гульні — новая праблема чалавецтва66

«Шмат плацяжоў было ў Польшчы». Беларусы масава скардзяцца на блакаванне банкаўскіх картак9

На «Яндэкс Картах» з'явіліся маршруты па Мінску, дзе ёсць пад'ёмнікі і пандусы

Колькі зарабляюць кур'еры на аўто ў дастаўцы «Яндэкс» у Беларусі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча12

«Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць