Кіраўнік упраўлення Белага дома па кібербяспецы пакідае пасаду пасля шэрагу нядаўніх збояў у камп'ютарных сістэмах амерыканскіх ведамстваў
Шон Кернкрос пакідае сваю пасаду пасля шэрагу нядаўніх збояў у камп'ютарных сістэмах амерыканскіх ведамстваў. Праз маштабныя тэхнічныя непаладкі была парушана праца ў тым ліку Агенцтва нацыянальнай бяспекі, сістэмы кіравання паветраным рухам ЗША і шэрагу банкаў, піша Бі-бі-сі.

Шон Кернкрос, юрыст паводле адукацыі, займаў пасаду кіраўніка ўпраўлення па кібербяспецы Белага дома са жніўня 2025 года.
Белы дом афіцыйна не пацвердзіў яго сыход і не назваў прычыну, па якой Кернкрос пакінуў сваю пасаду.
Паводле інфармацыі амерыканскага партнёра Бі-бі-сі, тэлеканала CBS, Кернкрос страціў давер кіраўніка апарату Белага дома Стывена Мілера, які палічыў, што былы кіраўнік упраўлення прадэманстраваў недастатковую кваліфікацыю ў сферы кібербяспекі.
Агенцтва AFP і тэлеканал CBS са спасылкай на свае крыніцы паведамілі, што Кернкрос быў звольнены, і гэтае рашэнне падтрымаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
Пакідаючы сваю пасаду, Кернкрос заявіў, што ганарыцца працай у камандзе Дональда Трампа.
«Я адчуваю неверагодны гонар за праробленую намі працу — умацаванне кібербяспекі Амерыкі, абарону крытычна важнай інфраструктуры, супрацьдзеянне знешнім пагрозам, а таксама стварэнне ўмоў, каб Амерыка заняла лідарскія пазіцыі ў свеце ў сферы звышразумных тэхналогій», — заявіў Кернкрос.
Абавязкі кіраўніка ўпраўлення па кібербяспецы пакуль будзе выконваць Кірстэн Дэвіс, якая раней займала пасаду галоўнага дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях у Міністэрстве абароны ЗША. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар Марка Рубіа ў сацыяльнай сетцы X.
Кіраўнік упраўлення па кібербяспецы Белага дома, як мяркуецца, кансультуе прэзідэнта па пытаннях кібербяспекі і займаецца каардынацыяй кіберстратэгіі.
Звальненне Кернкроса адбылося неўзабаве пасля глабальнага збою ў Microsoft, які адбыўся, як патлумачылі ў кампаніі, з-за павышанай нагрузкі на серверы. Як заявілі ў Microsoft, прыкмет кібератакі не было выяўлена.
13 лістапада адбыўся маштабны збой у сістэме кіравання паветраным рухам ЗША, з-за чаго на некалькі гадзін былі прыпынены авіязносіны па ўсёй краіне. Федэральнае ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі (FAA) таксама заявіла, што збой не быў звязаны з кібератакай, а яго прычынай сталі работы па замене старых правадоў на оптавалакно.
Раней на гэтым тыдні Марка Рубіа заявіў, што «няма ніякіх доказаў» таго, што гэтыя збоі ў камп'ютарных сістэмах, якія нядаўна адбыліся ў ЗША, звязаныя між сабой. «Гэта не сістэмная атака», — заявіў ён.
Аднак гэтыя збоі адбыліся на фоне росту асцярог наконт здольнасці перадавых мадэляў штучнага інтэлекту (створаных пераважна амерыканскімі кампаніямі) выяўляць уразлівасці, якія людзі не змаглі б выявіць самастойна.
Той факт, што збоі адбываліся адзін за адным, што столькі інцыдэнтаў здарылася адзін за адным, выклікаў у многіх непакой наконт надзейнасці тэхналогій, ад якіх сёння залежыць практычна кожны аспект паўсядзённага жыцця людзей.
Цяпер чытаюць
Праектавалі кароўнікі і акумулятарны завод, а цяпер узяліся за барока. З велічнага езуіцкага калегіума ў Пінску збіраюцца збіць увесь тынк — а ён быў распісаны фрэскамі
Каментары