Два гады таму ў Акадэміі навук Беларусі называлі планы пабудовы капліцы на падмурках старажытнага княжацкага храма на Верхнім замку антынавуковымі і незаконнымі. Аднак для кадэцкага вучылішча знайшлі спосаб абысці заканадаўчыя абмежаванні.

Пра пачатак мантажу капліцы на тэрыторыі Полацкага кадэцкага вучылішча 20 лістапада паведаміў партал Gorod214.by са спасылкай на інстаграм дырэктара навучальнай установы Станіслава Красоўскага.
Кіраўнік вучылішча апублікаваў здымкі работ і адзначыў, што на месцы, дзе ў XII стагоддзі стаяла Міхайлаўская царква, за спонсарскія грошы ўзводзіцца капліца, а яе ўстаноўка ўзгоднена ў адпаведнасці з заканадаўствам. Неўзабаве пасля выхаду навіны арыгінальная публікацыя са старонкі дырэктара ў сацсетцы была выдалена і цяпер недаступная.
У базе дзяржаўных закупак Полацкага раённага міжгаліновага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый за 2024—2026 гады тэндары на праектаванне або будаўніцтва гэтага аб’екта сапраўды адсутнічаюць. Праект фінансаваўся па-за бюджэтам.
Канфлікт вакол падмуркаў XII стагоддзя
Ідэю стварыць на базе вучылішча духоўна-асветніцкі цэнтр з капліцай Арханёла Міхаіла Станіслаў Красоўскі ўпершыню агучыў яшчэ 15 кастрычніка 2024 года падчас візіту ў Полацк мітрапаліта Веніяміна, пра што тады пісала БелТА.

Гаворка ідзе пра падмуркі ўнікальнага для Беларусі дамангольскага княжацкага храма на Верхнім замку, узведзенага ў 1170‑я гады. Гэтая мураваная шасціслуповая царква памерамі 24 на 16 метраў з трыма прытворамі, фрэскавымі роспісамі і вежападобным сілуэтам была амаль ідэнтычная паводле плана да Свірскай царквы Арханёла Міхаіла ў Смаленску.
За савецкім часам цэнтральная частка полацкага помніка была знішчана пры будаўніцтве бальнічнага морга і гаража. Ацалелыя рэшткі ў 1966—1967 гадах даследаваў ленінградскі археолаг Міхаіл Каргер, а падчас нядаўняй рэканструкцыі былой бальніцы пад кадэцкае вучылішча ў 2019—2023 гадах падмуркі зноў раскрылі, закансервавалі пад зямлёй і пазначылі іх контур на паверхні рознакаляровай тратуарнай пліткай.

У кастрычніку 2024 года супраць планаў кіраўніцтва вучылішча публічна выступіў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марат Клімаў, які непасрэдна кіраваў археалагічнымі раскопкамі на Верхнім замку. У каментарыі «Спутнику» ён заявіў, што тэрыторыя Верхняга замка гісторыка-культурная каштоўнасць, а падмуркі закансерваваныя з разлікам на тое, каб вярнуцца да іх вывучэння ў будучыні.
«Я магу адназначна сказаць, што будаўніцтва капліцы паверх падмурка Княжацкай царквы XII стагоддзя не толькі антынавуковае, але і антызаконнае», — падкрэсліваў тады археолаг, дадаючы, што без экспертызы Інстытута гісторыі і дазволу Міністэрства культуры пачынаць будоўлю на гэтым месцы нельга.
Мабільная капліца
Апублікаваныя ў лістападзе 2026 года фатаграфіі мантажу тлумачаць, якім чынам ініцыятарам удалося ўзгадніць з’яўленне аб’екта ў ахоўнай зоне і чаму ўжо ў чэрвені 2025 года ў інтэрв'ю выданню «СБ. Беларусь сегодня» згадвалася распрацоўка менавіта «дызайн-праекта па ўстаноўцы капліцы», а не паўнавартаснага будаўнічага праекта.

Са здымкаў дакладна не зразумела ці маюцца нейкія падмуркі, але падобна, што капліца ўяўляе сабой зборную металаканструкцыю, абшытую ліставой меддзю, якая паводле прынцыпу ўстаноўкі нічым не адрозніваецца ад гандлёвага кіёска або прыпыначнага павільёна.
Капліцу ўстанавілі проста паверх бруку акурат у апсіднай частцы былога храма XII стагоддзя, што добра чытаецца па выкладзеных светлай пліткай абрысах падмуркаў.
Уся пабудова манціруецца па прынцыпе канструктара. Спачатку на чорным ступеньчатым стылабаце з прыступкамі замацавалі чатыры металічныя калоны. Пасля паміж імі ўстанавілі адасобленую паўкруглую апсіду з конхавым завяршэннем, а затым з дапамогай вайсковага аўтакрана на чатыры калоны паставілі крыжовае скляпеністае перакрыцце. На апошнім этапе зверху на гэтае перакрыцце мае быць устаноўлены белы барабан са шлемападобным медным купалам, які дагэтуль стаяў побач на зямлі.

Такое тэхнічнае рашэнне дазволіла юрыдычна аформіць аб’ект як малую архітэктурную форму або нестацыянарную канструкцыю, мантаж якой не патрабуе земляных работ і не закранае культурны пласт.
Гэта ўскосна пацвердзіў і сам археолаг Марат Клімаў. Адказваючы ў сацсетках на пытанне пра тое, як цяпер будуць працягвацца даследаванні падмуркаў царквы XII стагоддзя, навуковец змяніў былую катэгарычнасць:
«У бліжэйшыя 20 гадоў такіх даследаванняў не будзе. Падмуркі закансерваваныя, і кропка. Капліца — гэта «навадзел», і калі вельмі трэба, будзе ссунута і пастаўлена побач, гэта не перашкода».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары