Кожны восьмы мігрант сутыкаецца ў Польшчы з фізічным гвалтам — апытанне
Кожны восьмы замежнік, які жыве ў Польшчы, сутыкаўся ў гэтай краіне з фізічным гвалтам, у большасці выпадкаў агрэсары былі польскай нацыянальнасці. Пра гэта сведчаць вынікі анкетавання, праведзенага фондам Ocalenie, піша Most.

Фізічны гвалт — не адзіны від агрэсіўных паводзін. Больш за палову апытаных сутыкнуліся з якім-небудзь відам агрэсіі на працягу апошніх шасці месяцаў, у тым ліку 46% — больш чым з адным відам.
Да відаў агрэсіўных паводзін адносіцца, напрыклад, вербальная агрэсія — з ёй сутыкаліся 45% апытаных, у тым ліку 34,1% спазналі яе з боку палякаў і полек.
«Дзіця, якое я даглядала, сказала мне: «Б***, ты ў маёй краіне і ты мая служанка», — падала прыклад такога агрэсіўнага абыходжання адна з беларусак, якая прыняла ўдзел у апытанні.
Часта агрэсары кажуць мігрантам у грубай форме вымятацца ва Украіну, прычым нават не пытаючыся, з якой краіны тыя родам.
З эканамічным гвалтам (нявыплатай або затрымкай заробку, невыкананнем нормаў працоўнага кодэкса) сутыкнуліся 24,2% апытаных.
«Мае польскія працадаўцы выкарыстоўвалі маё цяжкае становішча як беларускі. Мне давалі зразумець, што я магу разлічваць на іх дапамогу ў легалізацыі (праз што я працавала больш, атрымліваючы менш ільгот), а затым скасавалі са мной дамову за тыдзень да заканчэння тэрміну дзеяння майго ДНЖ», — падзялілася яшчэ адна беларуска.
З запалохваннем сутыкаліся 14% апытаных, часцей за ўсё з боку палякаў.
«На працы […] паляк пагражаў мне пісталетам і сказаў, што мы «пацукі» і што нас трэба вывезці куды-небудзь у лес», — падаў прыклад мужчына з Расіі.
Цікава, што, нягледзячы на перыядычную агрэсію навакольных, 72,5% апытаных заявілі, што адчуваюць сябе ў Польшчы ў бяспецы.
Каментары