Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц назваў памылкай адмову Украіне ў 2008 годзе ў атрыманні Плана дзеянняў па членстве ў НАТА. Паводле яго слоў, калі б Украіна тады стала часткай альянсу, поўнамаштабнай вайны Расіі, верагодна, удалося б пазбегнуць. Пра гэта Мерц заявіў 23 лістапада ў Берліне на прэс-канферэнцыі з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ, піша «Еўрапейская праўда».

Канцлер адзначыў, што на саміце НАТА ў Бухарэсце ў 2008 годзе памылкай было не падтрымаць прапанову ЗША аб далучэнні Украіны да Альянсу.
«Калі б яна стала членам НАТА, гэтай вайны, верагодна, можна было б пазбегнуць», — сказаў Мерц.
Заява прагучала на фоне прапановы прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона зноў абмеркаваць магчымасць уступлення Украіны ў НАТА. Пасля саміту «кааліцыі ахвотных» у Берліне Макрон заявіў, што з улікам максімалісцкіх патрабаванняў Расіі гэта пытанне неабходна зноў вынесці на абмеркаванне.
Мерц назваў пазіцыю французскага прэзідэнта лагічнай. Паводле слоў нямецкага канцлера, яна адпавядае патрэбе Украіны ў гарантыях бяспекі пасля заканчэння вайны. У прыватнасці, гаворка ідзе пра гарантыі, падобныя да тых, якія прадугледжвае пяты артыкул Паўночнаатлантычнай дамовы. Мерц адзначыў, што такія гарантыі вельмі блізкія да паўнавартаснага членства ў НАТА.
«Шчыра кажучы, я не магу ўявіць будучыню Украіны без такіх гарантый бяспекі, якія ёй востра неабходныя. І гэта гарантыі бяспекі не толькі для Украіны, але і для ўсіх нас», — заявіў канцлер.
Былая канцлерка Германіі Ангела Меркель раней неаднаразова абгрунтоўвала сваё рашэнне не падтрымліваць наданне Украіне Плана дзеянняў па членстве ў НАТА ў 2008 годзе. У прыватнасці, яна сцвярджала, што ў выпадку пачатку руху Украіны ў бок альянсу вайна магла б пачацца значна раней.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 21 лістапада таксама заявіў, што пытанне членства краіны ў НАТА працягвае абмяркоўвацца з саюзнікамі. Аднак вынік будзе залежаць ад умоў, на якіх скончыцца вайна.
Раней СМІ паведамлялі, што дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа ў прыватных размовах выказваў сумневы ў магчымасці завяршыць вайну шляхам перамоў, а таксама ў перспектывах уступлення Украіны ў НАТА ў найбліжэйшай будучыні.
Зяленскі: Замест гарантый Кіеву паводле артыкула 5 статута НАТА, ці не прасцей прыняць Украіну ў альянс?
«Пуцін і Сі нам не сябры». Як на Захадзе рэагуюць на саміт Трампа ў Шэньджэні
«Пакуль мы будзем дамаўляцца, Пуцін апынецца ў Ратэрдаме». Генсак НАТА выказаўся супраць стварэння адзінай еўрапейскай арміі
Расіянам усё цяжэй знаходзіць ахвотных ісці на вайну за грошы
Прэм'ер Латвіі: Вяртанне да нармальных адносін з Расіяй немагчымае, прыйшла новая эпоха
Каментары