Стала вядомая асоба яшчэ аднаго беларускага наёмніка: 28-гадовы Арцём напісаў на сябе ў КДБ
У злітай базе зваротаў КДБ знайшлося паведамленне ад Арцёма Данчанкі з горада Белаазёрск. Да хлопца дайшлі чуткі, што КДБ цікавіцца ягоным удзелам у вайне на баку Расіі. Таму Данчанка выявіў гатоўнасць адказаць на пытанні лукашэнкаўскіх спецслужбаў па месенджары.
«Наша Ніва» праверыла асобу Данчанку. Аказалася, такі персанаж сапраўды існуе, і ён сапраўды ваюе.

Данчанка нарадзіўся ў 1996 годзе. Мама, па інфармацыі з баз Белпол, — санітарка ў мясцовым наркалагічным дыспансеры, — выхоўвала сына адна. Бацька памёр. Зорак хлопец не хапаў, працаваў электрамантажнікам на Жабінкаўскім цукровым заводзе, потым у прыватнай арганізацыі па той жа спецыяльнасці.
Што прывяло хлопца ў шэрагі акупацыйнай арміі? Мы спыталі ў яго наўпрост і атрымалі ўзорна шаблонны адказ, убіты ў галовы кісялёўскай прапагандай: «Вырашыў, што паеду, у 2014-м годзе. Калі не змог глядзець, як забіваюць мірных людзей», — сказаў Данчанка. Ён не ўдакладніў, з якога года знаходзіцца на часова акупаваных тэрыторыях.
Хлопец напісаў, што «яшчэ ваюе, але моцна задаўбаўся», а таксама што расчараваны ў камандным складзе: «ваююць як у 1941-м».

Данчанка марыць «давесці справу да перамогі», разумеючы пад гэтым дзяржаўную граніцу па Дняпры.
На філасофскае пытанне, пра што Арцём будзе думаць у свае апошнія хвіліны, сказаў, што будзе шкадаваць толькі пра тое, што мала часу правёў з сям'ёй.
Як ён робіць лепш Беларусі, узяўшы ў рукі зброю і пайшоўшы забіваць украінцаў, Данчанка тлумачыць так:
«Лепш для дзяржавы — не азначае лепш для народа. Інтарэсы народа не заўсёды супадаюць з інтарэсамі дзяржавы.
Трэба, каб у дзяржавы была канкрэтная ідэалогія, каб народ разумеў курс дзяржавы і мог карэктаваць свае погляды. Тады хаця б будзе ясна, куды рухацца і як паляпшаць дабрабыт народа: чым лепш народу, тым лепш дзяржаве. А караблю без мэты ніякі вецер не спадарожны», — сказаў ён.
Пра крымінальную справу ў дачыненні Данчанкі пакуль нічога не вядома.
-
«А рускіх імёнаў не знайшлося?» Былы футбаліст зборнай Расіі здзівіўся імёнам беларускіх дзяцей
-
«У дачкі мукавісцыдоз, у сына дыябет і аўтызм. Іх мама ў турме, і дзеці цяпер на мне адным». Сям'і палітвязня патрэбная дапамога
-
У Вільні пакажуць раструшчаны сілавікамі бюст Івана Луцкевіча. Да 120‑годдзя «НН» Беларускі музей адкрывае выставу з унікальнымі экспанатамі
Каментары