Грамадства66

Памятаеце бяздомнага блогера, які пасля пратэстаў перабраўся ў Польшчу? Цяпер ён жыве на Лазурным беразе

Жыццё Віктара Анікеенкі рабіла шмат нечаканых кульбітаў. Выкладчык англійскай мовы, жаніх на «Давай пажэнімся», псіхолаг, удзельнік пратэстаў, бяздомны блогер… У 2022 годзе з'ехаў ад рэпрэсій у Польшчу. А цяпер украінская блогерка сустрэла Віктара на Лазурным беразе.

Бяздомны блогер Віктар Анікеенка. Скрыншот відэа: Katya.parasochka / Instagram. Якасць палепшана ШІ

Украінская інстаблогерка Каця Фестываль, якая жыве на Лазурным беразе, запісала размову з мясцовым бяздомным — высветлілася, што той беларус. Яе суразмоўцам стаў Віктар Анікеенка.

Блогерцы ён распавёў, што ў Беларусі ў яго ва ўласнасці засталіся дзве кватэры, але вяртацца туды мужчына не плануе.

На пытанне, ці не баіцца ён захварэць, Віктар адказаў адмоўна: 

— У мяне імунітэт як у таракана ці як у свінні. Ем усё, у тым ліку і даядаю за людзьмі, але нічым не хварэю. Ну там зрэдку, можа, чамусьці менавіта летам, у спякоту, мяне прабярэ якая-небудзь прастуда ці лёгкае запаленне.

Што тычыцца гігіенічных працэдур, Віктар прызнаўся, што не мае ў гэтым штодзённай патрэбы — але перыядычна мыецца, каб не засмучаць людзей побач непрыемнымі пахамі. Час ад часу ходзіць і да барбера. 

— І вам тут камфортней жыць бамжом, чым дома ў сваіх сценах? — здзівілася Каця.

— Не паверыце, так, — адказаў Віктар. — Нават у гэтай самай горшай краіне за ўсё маё жыццё, Францыі, бамжом, начуючы вось на гэтай вуліцы [лепш]. Бо сядзець камусьці хочацца?

Блогерка зразумела, што перад ёй палітычны ўцякач з Беларусі. Віктар пацвердзіў, што ўдзельнічаў у пратэстах, потым быў затрыманы і сядзеў у ІЧУ суткі.

Каця ў адказ уздыхнула, што ўкраінскія мужчыны не могуць з’ехаць з Украіны. Віктар парыраваў:

— Хто быў разумнейшы, хітрэйшы, дык зваліў у першыя дні вайны. Нешта я тут на кожным кроку сустракаю ўкраінскіх мужчын. А некаторыя мне прызнаваліся, што лясамі, палямі ўцякалі, рызыкуючы жыццём. А некаторыя казалі, што ім гэта каштавала з дзясятак тысяч даляраў. Ведаеце, 10 тысяч даляраў за выратаванне свайго жыцця — гэта фігня. Я бы такія грошы знайшоў нават у бяздомнасці, шчыра.

Віктар таксама сказаў, што не мае права працаваць у Францыі. 

Тры ролікі, прысвечаныя беларускаму бяздомнаму на Лазурцы агулам сабралі ў інстаграме ўжо больш за 800 тысяч праглядаў. 

Хто такі Віктар Анікеенка? Мужчыну 48 гадоў, нарадзіўся ён у Гомелі. Сцвярджае, што мае тры вышэйшыя адукацыі — інжынера-фізіка, эканаміста-менеджара і псіхолага.

Спрабаваў скарыць Маскву і пражыў там 15 гадоў.

Віктар Анікеенка на «Давай пажэнімся» ў 2011 годзе. Скрыншот відэа

У 2011 годзе Віктар удзельнічаў у расійскім шоу «Давай пажэнімся» — быў адным з трох жаніхоў. У відэа-візітоўцы распавялі, што ён — выкладчык англійскай мовы (і ведае шэсць моў), захапляецца эзатэрыкай, марыць адкрыць сваю школу і знайсці жонку-паплечніцу. Адзначалі, што зарабляе Віктар добра.

Віктар Анікеенка на «Давай пажэнімся» ў 2011 годзе. Скрыншот відэа

Найлепшым адпачынкам мужчына называў сваю працу, якую вельмі любіў. Прызнаваўся, што паходзіць з вельмі простай рабоча-сялянскай сям'і, але заўсёды верыў у сваю выключнасць. Амбіцыйнасць з дзяцінства не давала спакою, таму ўсё жыццё спрабаваў неяк вылучыцца з шэрай масы.

Сюрпрыз для нявесты на шоу ад Віктара выглядаў так — ён павязаў дзяўчыне чырвоны піянерскі гальштук, а сам барабаніў пад гімн піянераў і спяваў.

Віктар Анікеенка на «Давай пажэнімся» ў 2011 годзе. Скрыншот відэа

Нявеста абрала менавіта яго. Але, падобна, хэппі энду ў гісторыі не здарылася.

На вуліцы Віктар упершыню апынуўся ў 2019 годзе. Паўгода бадзяўся па расійскай сталіцы, а потым выпадкова сустрэў даўнюю сяброўку, якая прапанавала паехаць у родны Гомель.

Віктар Анікеенка ў 2024 годзе. Фота: Белсат

У 2020‑м Віктара некалькі разоў затрымлівалі на пратэстах, агулам ён адсядзеў два тыдні ў ІЧУ. У 2022 годзе з’ехаў у Польшчу. Там спрабаваў працаваць у дастаўцы, але аднойчы трапіў колам самакату ў яміну, упаў і зламаў нагу. Страхоўкі ў Віктар не меў, таму атрымаў рахунак ад бальніцы на суму каля 3,5 тысяч еўра.

Нейкі час правёў у інвалідным вазку — перыядычна беларусу дапамагалі неабыякавыя людзі. У Польшчы ён падаўся на міжнародную абарону і атрымаў станоўчае рашэнне. 

Віктар Анікеенка ў 2024 годзе. Фота: Белсат

Віктар ў інтэрв’ю Белсату ў 2024 годзе жартаваў, што называе сябе самым прасунутым бяздомным Варшавы — бо вёў блог на YouTube, у якім прынцыпова не апускаўся да лаянкі. У той час Віктар казаў, што хоча стварыць рэаліці-шоу са свайго жыцця і зарабіць грошы не толькі на кватэру і бізнэс, але і на дабрачыннасць.

Віктар Анікеенка ў 2026 годзе. Скрыншот відэа: Viktor Blessed Wanderer / YouTube. Якасць палепшана ШІ

Прайшло амаль два гады. Як бачна, Віктар перасяліўся ў Францыю. Весці свой блог на YouTube не кінуў. На канале ён рэгулярна распавядае пра свае навіны — напрыклад, як зберагчы свае рэчы ад смеццявоза і паліцыі.

Аптымізму не губляе і кажа, што шукае жонку. 

— Адзіны ў свеце беларускі бяздомны блогер! І то, мая бяздомнасць — гэта ўсяго толькі часовая прыгода, гэта выдатная аскеза асабістага і духоўнага росту, творчага развіцця, гэта спецназ для будучага мільянера, палітычнага і духоўнага лідара.

Каментары6

  • Ну
    21.11.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Мы вітаем і ўдзячныя
    21.11.2026
    Дзякуй вялікі Святлане Ціханоўскай і дэмакратычным сілам Новай Беларусі за тое, што нават беларускія бамжы могуць жыць у такой раскошы на Лазурным беразе!
  • Мэр
    21.11.2026
    Лепш так,чым як Сярога Ціханскі.Тут без варыянтаў.Ты і слова "бяздомны" патрабуе расшыфроўкі,але лянюся.доўга пісаць)))))))

Цяпер чытаюць

Памятаеце бяздомнага блогера, які пасля пратэстаў перабраўся ў Польшчу? Цяпер ён жыве на Лазурным беразе6

Памятаеце бяздомнага блогера, які пасля пратэстаў перабраўся ў Польшчу? Цяпер ён жыве на Лазурным беразе

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр абароны Германіі заклікаў еўрапейцаў ехаць да Пуціна ў Маскву9

УСУ вызвалілі 14 вёсак на Харкаўшчыне. Аперацыя «Мядзведжы капкан» праходзіла ў рэжыме поўнай сакрэтнасці7

Памёр мастак Юрый Несцярук

У Івана-Франкоўскай вобласці расійская ракета прабіла дах дома, але не выбухнула ФОТА

Пад антарктычнымі льдамі знайшлі сляды гор, якія дапамаглі эвалюцыі

У Жлобінскім раёне машына наляцела на каня. Кіроўцу давялося з салона выразаць2

Пуцін заклікаў украінцаў пераходзіць «на правільны бок гісторыі»11

Рабіць вагоны для мінскага метро зноў хочуць даручыць «Штадлеру»6

«Белтэлекам» зноў аб'явіў пра павышэнне сваіх тарыфаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце бяздомнага блогера, які пасля пратэстаў перабраўся ў Польшчу? Цяпер ён жыве на Лазурным беразе6

Памятаеце бяздомнага блогера, які пасля пратэстаў перабраўся ў Польшчу? Цяпер ён жыве на Лазурным беразе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць