Расійскія атакі пашкодзілі энергетычную інфраструктуру Украіны. У Адэсе і прылеглых раёнах сітуацыю з электразабеспячэннем называюць вельмі складанай, у Дняпры ўвялі экстранныя адключэнні. Аварыйныя абмежаванні таксама дзейнічаюць у Запарожскай вобласці.

Паводле ўкраінскай энергетычнай кампаніі ДТЭК, расійскія ўдары сур’ёзна пашкодзілі магістральныя электрасеткі, таму перадаваць у Адэсу і навакольныя населеныя пункты дастаткова электраэнергіі цяпер немагчыма.
Рамонт працягваецца, але яго ўскладняюць пастаянныя паветраныя трывогі. Часткова ўдалося аднавіць сілкаванне крытычнай інфраструктуры.
Праз адключэнні ў частцы Адэсы няма вады, не працуе электратранспарт. З 23 па 27 лістапада ўсе школы горада пераводзяць на дыстанцыйнае навучанне праз перабоі са святлом, ацяпленнем і водазабеспячэннем.
У Дняпры і частцы Днепрапятроўскай вобласці таксама ўвялі экстранныя адключэнні — звычайныя графікі там не дзейнічаюць.
У Запарожскай вобласці паводле тэрміновага распараджэння «Укрэнерга» ўвялі спецыяльныя аварыйныя адключэнні для стабілізацыі энергасістэмы.
Каментары