Усяго патроху33

Навукоўцы не давалі павукам спаць. Наступнай ноччу тыя пачалі «адсыпацца» амаль як людзі

Калі чалавек недасыпае, арганізм імкнецца кампенсаваць страчаны сон. Нямецкія навукоўцы высветлілі, што падобная з'ява назіраецца і ў павукоў. Пасля ночы, калі ім перашкаджалі спаць, яны сталі значна больш часу праводзіць у стане, які нагадвае фазу хуткага сну ў чалавека.

Павук-скакун Portia fimbriata падчас начнога адпачынку. Здымак зроблены інфрачырвонай камерай, з дапамогай якой навукоўцы даследавалі сон павукоў. Скрын відэа: sciencealertexternalsources / YouTube

Сон — неад'емная частка жыцця чалавека і іншых жывёл. Аднак навукоўцы дагэтуль не ведаюць дакладна, чаму ён узнік у працэсе эвалюцыі. Асаблівую цікавасць выклікае фаза хуткага сну, або REM-фаза (ад англійскага rapid eye movement — хуткія рухі вачэй). У гэты час мозг актыўна працуе, вочы рухаюцца, а мышцы цела пераважна расслабленыя. Менавіта ў гэтай фазе людзі часта бачаць найбольш яркія сны.

Падобныя станы назіралі і ў некаторых беспазваночных жывёл. Аднак заставалася незразумелым, наколькі яны падобныя да сапраўднага сну чалавека і іншых пазваночных. Разабрацца ў гэтым, як піша ScienceAlert, вырашылі даследчыкі з Бонскага ўніверсітэта ў Германіі.

Ці сапраўды павукі спяць?

Яшчэ ў 2022 годзе навукоўцы заўважылі, што падчас начнога адпачынку ў павукоў-скакуноў віду Evarcha arcuata час ад часу паторгваюцца лапкі і рухаюцца сятчаткі вачэй. Гэта нагадвала REM-фазу, але адных такіх назіранняў было недастаткова, каб упэўнена гаварыць пра сон.

Для новага даследавання навукоўцы абралі іншы від павукоў-скакуноў — Portia fimbriata. З дапамогай інфрачырвоных камер яны назіралі за паводзінамі жывёл і правяралі іх рэакцыю на знешнія раздражняльнікі.

Высветлілася, што ўначы павукі займаюць характэрнае становішча для адпачынку і значна слабей рэагуюць на тое, што адбываецца навокал. Перыяды нерухомасці пры гэтым чаргуюцца з эпізодамі, калі ў іх паторгваюцца лапкі і рухаюцца сятчаткі вачэй.

Прыкметы REM-падобнага сну ў павукоў-скакуноў Portia fimbriata. Злева ўверсе — агульны выгляд павука. У верхнім шэрагу далей злева направа: рухі сятчатак вачэй, паторгванні хеліцэр (ротавых прыдаткаў) і рухі педыпальпаў. У ніжнім шэрагу злева направа: рухі брушка, павуцінных бародавак, асобных лапак і падгінанне лапак да цела. Ілюстрацыя: Maartje van Denderen / навуковы артыкул

Але для пацвярджэння таго, што гэта сапраўды сон, даследчыкі вырашылі праверыць яшчэ адну яго характэрную асаблівасць — здольнасць арганізма кампенсаваць недасыпанне.

Ноч без нармальнага сну

Каб парушыць начны адпачынак павукоў, даследчыкі запускалі ў ёмістасці з імі па 25 жывых пладовых мушак. Іх прысутнасць перашкаджала жывёлам спаць у звычайным рэжыме. Наступнай ноччу павукоў пакінулі ў спакоі і зноў пачалі назіраць за іх паводзінамі.

Высветлілася, што час, праведзены ў REM-падобным стане, павялічыўся амаль на 80% у параўнанні са звычайнай ноччу. Пры гэтым асобныя эпізоды такога сну не сталі даўжэйшымі — яны проста пачалі паўтарацца часцей.

Падобная з'ява вядомая і ў людзей. Калі арганізм недаатрымлівае хуткага сну, пасля недасыпання яго доля можа павялічвацца. Такую рэакцыю называюць кампенсацыяй REM-сну.

Паводле даследчыкаў, гэта першы выпадак, калі падобную кампенсацыю ўдалося выявіць у беспазваночных жывёл.

Навошта павукам такая фаза сну?

Тое, што пасля недасыпання павукі кампенсуюць недахоп REM-падобнага сну, сведчыць пра яго важнасць для арганізма. Аднак якую менавіта функцыю ён выконвае, навукоўцы пакуль не ведаюць. Адна з гіпотэз звязаная з навучаннем і памяццю.

Гэта асабліва цікава ў выпадку Portia fimbriata. Гэтыя павукі вядомыя складанымі паляўнічымі прыёмамі: яны могуць падманваць іншых павукоў, імітуючы ваганні павуціння ад насякомага, якое трапіла ў пастку, змяняць тактыку, калі яна не спрацоўвае, і запамінаць месцазнаходжанне здабычы.

Даследчыкі дапускаюць, што падчас REM-падобнага сну нервовая сістэма павукоў можа паўторна ўзнаўляць дзеянні, якія яны выконвалі ўдзень. Магчыма, гэта дапамагае замацоўваць атрыманы досвед у памяці. З такой з'явай могуць быць звязаныя і паторгванні лапак ды рухі сятчатак вачэй падчас сну.

Пакуль гэта толькі гіпотэза. Каб праверыць яе, навукоўцам трэба высветліць, ці паўтараюцца падчас сну ўзоры нервовай актыўнасці, якія назіраюцца ў павукоў падчас няспання.

Каментары3

  • Žvir
    31.10.2026
    Biednyja pavuki, škada ich.
  • Барадзед
    31.10.2026
    Необходимость сна обусловлена особенностями работы организма и нервной системы в частности в фазе бодрствования. Если бы бодрствующий организм работал как-то по-другому, например, отдыхал (спал) прямо во время бодрствования, то спать можно было бы меньше, или не спать вовсе.
  • feafania
    31.10.2026
    На хатняй хіміі я два гады жыла практычна без сну.

Цяпер чытаюць

«Першы нумар маленькай газеткі зрабіў шмат шуму на Белай Русі і ў суседстве з ёю». Пра што пісала «Наша Ніва» ў першых нумарах 120 гадоў таму24

«Першы нумар маленькай газеткі зрабіў шмат шуму на Белай Русі і ў суседстве з ёю». Пра што пісала «Наша Ніва» ў першых нумарах 120 гадоў таму

Усе навіны →
Усе навіны

«У дачкі мукавісцыдоз, у сына дыябет і аўтызм. Іх мама ў турме, і дзеці цяпер на мне адным». Сям'і палітвязня патрэбная дапамога2

Лівійскія ўлады пацвердзілі выбух на расійскім судне ў Бенгазі. Не выключаюць атаку дронаў1

У Вільні пакажуць раструшчаны сілавікамі бюст Івана Луцкевіча. Да 120‑годдзя «НН» Беларускі музей адкрывае выставу з унікальнымі экспанатамі8

Фядута: Хлопцы, нам ніхто нічога не павінен39

Беларускія «Кіберпартызаны» апублікавалі афіцыйныя прычыны рэзанансных смерцяў расійскіх топ-менеджараў з узламанага Расстата9

У Лівіі знішчаны расійскі ракетны карвет «Меркурый»4

У Баранавічах выставілі на аўкцыён дзейны гандлёвы цэнтр

Следчы камітэт пацвердзіў смерць мужчыны ў медцэнтры «Ладэ»2

Прэм'ер Латвіі: Вяртанне да нармальных адносін з Расіяй немагчымае, прыйшла новая эпоха12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Першы нумар маленькай газеткі зрабіў шмат шуму на Белай Русі і ў суседстве з ёю». Пра што пісала «Наша Ніва» ў першых нумарах 120 гадоў таму24

«Першы нумар маленькай газеткі зрабіў шмат шуму на Белай Русі і ў суседстве з ёю». Пра што пісала «Наша Ніва» ў першых нумарах 120 гадоў таму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць