Нарэшце скончылі падлік галасоў на выбарах у Алясцы. У дэмакратаў будзе яшчэ адзін сенатар
Аляска стала апошнім амерыканскім штатам, дзе падвялі вынікі выбараў у Сенат ЗША. Перамогу атрымала прадстаўніца Дэмакратычнай партыі Мэры Пелтала, якая набрала 50% галасоў і апярэдзіла дзейнага сенатара-рэспубліканца Дэна Салівана больш чым на чатыры працэнтныя пункты.

Такім чынам, паводле вынікаў прамежкавых выбараў у Кангрэс ЗША, дэмакраты атрымалі ў Сенаце 56 месцаў, а рэспубліканцы — 44. Перамога Пелталы забяспечыла Дэмакратычнай партыі найбольшую перавагу ў верхняй палаце Кангрэса з 2009 года.
Аляска стала апошнім штатам, дзе вызначыўся пераможца сенатарскіх выбараў. Доўгі падлік галасоў тлумачыцца вялікай тэрыторыяй штата, наяўнасцю шматлікіх цяжкадаступных населеных пунктаў, а таксама працяглым тэрмінам прыёму бюлетэняў, дасланых поштай. Іх можна атрымліваць яшчэ на працягу 15 дзён пасля дня выбараў.
53‑гадовая Мэры Пелтола стала першай прадстаўніцай карэнных народаў Аляскі, абранай у Сенат. Яе маці належала да народа юпікаў, а бацька меў нямецкае паходжанне. Сама Пелтала шмат гадоў працавала ў сферы рыбалоўства.
У 2022 годзе яна трапіла ў Палату прадстаўнікоў Кангрэса, заняўшы месца памерлага кангрэсмена-рэспубліканца. Аднак праз два гады прайграла выбары іншаму кандыдату ад Рэспубліканскай партыі.
Дэмакраты не перамагалі на выбарах у Сенат ад Аляскі з 2008 года. Штат традыцыйна падтрымлівае рэспубліканцаў: на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года Дональд Трамп атрымаў там перамогу з перавагай у 13 працэнтных пунктаў.
Пелтала здолела скарыстацца незадаволенасцю жыхароў Аляскі высокім коштам жыцця, асабліва падаражаннем паліва. Рост цэн на яго звязваюць з вайной супраць Ірана, якую пачала адміністрацыя Трампа.
Выбарчая кампанія суправаджалася некалькімі скандаламі. Найбольшую ўвагу прыцягнула з'яўленне ў бюлетэнях другога кандыдата з імем Дэн Саліван. Акрамя дзейнага сенатара-рэспубліканца, за месца ў Сенаце змагаўся былы настаўнік з невялікай рыбацкай вёскі, які таксама балатаваўся ад Рэспубліканскай партыі.
Другі кандыдат з імем Дэн Саліван, аднак, атрымаў толькі 1,7% галасоў і, верагодна, не адыграў вырашальнай ролі ў выніку выбараў. Пелтала здолела перамагчы ўжо ў першым туры падліку галасоў, нягледзячы на прысутнасць у бюлетэнях яе асноўнага саперніка-цёзкі.
Адначасова на Алясцы праходзілі выбары ў Палату прадстаўнікоў Кангрэса, але іх вынікі пакуль не падведзеныя. Паводле папярэдніх звестак, лідзіруе рэспубліканец Нік Бегіч, якому Пелтала прайграла выбары ў ніжнюю палату Кангрэса ў 2024 годзе.
На Алясцы рэспубліканцы могуць прайграць сенатарскі мандат праз блытаніну з прозвішчамі. Гэта схема даўно вядомая ў нашым рэгіёне
На Алясцы сярод кандыдатаў у сенатары два Дэны Саліваны. Губернатар загадаў праверыць, ці датычныя да гэтага дэмакраты
«Усё залежыць ад машын». Трамп усё ж засумняваўся ў сумленнасці выбараў у Кангрэс
Вэнс пачаў дыстанцыявацца ад Трампа пасля паразы рэспубліканцаў на выбарах і прасоўвае ўласны брэнд з прыцэлам на 2028 год
Каментары