Здароўе22

Прэпараты ад алергіі, якія ўжываюць мільёны людзей, могуць павялічваць рызыку дэменцыі — вучоныя

Эксперты раяць з асцярожнасцю адносіцца да прыёму антыгістамінных сродкаў і шукаць бяспечныя альтэрнатывы.

hay fever сезонны алергічны рынакан'юктывіт сенная ліхорадка
Фота: Karl-Josef Hildenbrand / picture alliance via Getty Images

Як піша Daily Mail, эксперт Гарвардскага ўніверсітэта, вопытны тэрапеўт і галоўны рэдактар Harvard Health Letter Энтані Камароф (Anthony L Komaroff) папярэджвае людзей, якія пакутуюць на алергію, што варта разгледзець альтэрнатыву антыгістамінным прэпаратам. Сваё меркаванне ён абгрунтоўвае вынікамі некалькіх даследаванняў, якія выявілі магчымую сувязь паміж ужываннем папулярных антыгістамінных прэпаратаў і павышанай рызыкай развіцця дэменцыі.

Як тлумачыць эксперт, гэтыя прэпараты здымаюць сімптомы алергіі, у тым ліку насмарк, кашаль і сверб вачэй, перашкаджаючы дзеянню гістаміну — рэчыва, якое выклікае алергічную рэакцыю.

Аднак, як падкрэслівае доктар Камароф, некаторыя антыгістамінныя сродкі таксама валодаюць антыхалінергічнымі ўласцівасцямі. Яны перашкаджаюць дзеянню ацэтылхаліну — важнага нейратрансмітару, які неабходны для нармальнай працы мозгу.

Ацэтылхалін адыгрывае ключавую ролю ў памяці, навучанні і перадачы нервовых імпульсаў. Недахоп гэтага рэчыва звязаны з пагаршэннем кагнітыўных функцый і павышанай рызыкай развіцця дэменцыі. Менавіта таму некаторыя навукоўцы лічаць, што доўгатэрміновае ўжыванне антыгістамінных прэпаратаў з антыхалінергічнымі ўласцівасцямі можа мець негатыўныя наступствы для мозгу.

У Беларусі да такіх сродкаў адносяцца прэпараты, дзе асноўнымі дзеючымі рэчывамі з'яўляюцца дыфенгідрамін (Diphenhydramine), хларапірамін (Chloropyramine) і клемастын (Clemastine).

Адно з першых даследаванняў, што выявіла сувязь паміж павышанымі дозамі антыхалінергічных прэпаратаў і павышанай рызыкай развіцця дэменцыі, было праведзена ў 2015 годзе. Вучоныя вывучылі стан мозгу больш як 3 400 чалавек ва ўзросце 65 гадоў і больш у перыяд з 1994 да 2012 года.

Нядаўняе даследаванне, апублікаванае ў 2024 годзе ў Journal of Allergy and Clinical Immunology, таксама выявіла сувязь паміж ужываннем антыгістамінных сродкаў і рызыкай развіцця дэменцыі.

Навукоўцы правялі рэтраспектыўнае кагортнае даследаванне, выкарыстаўшы звесткі з Нацыянальнай базы даных медыцынскага страхавання Тайваня, якія датычылі больш як 700 000 пацыентаў з нядаўна дыягнаставаным сезонным алергічным рынакан'юктывітам у перыяд з 2011 да 2017 года. Іх падзялілі на дзве групы: тых, хто прымаў антыгістамінныя прэпараты, і тых, хто іх не ўжываў.

Пасля карэктавання вынікаў з улікам іншых медыцынскіх паказанняў было ўстаноўлена, што рызыка развіцця дэменцыі павялічвалася прапарцыйна дозе прынятых антыгістамінных сродкаў.

Аднак лекі ад алергіі — не адзіныя антыхалінергічныя прэпараты, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Да гэтай групы таксама адносяцца некаторыя снатворныя сродкі, прэпараты ад нетрымання мачы, млоснасці, мышачнага напружання і хваробы Паркінсана.

Напрыклад, даследаванне, праведзенае ў 2023 годзе ў Вялікабрытаніі і ахапіўшае больш за мільён чалавек, паказала, што пры ўжыванні антыхалінергічных прэпаратаў рызыка развіцця дэменцыі павялічваецца на 18%. Пры гэтым мужчыны былі больш уразлівыя: іх рызыка вырасла на 22%, у той час як у жанчын на 16%.

Як заўважае Камароф, навуковая супольнасць яшчэ не прыйшла да адназначных высноў адносна ўплыву антыхалінергічных прэпаратаў на здароўе мозгу, бо існуе шэраг даследаванняў, што не выявілі такой сувязі.

Аднак улічваючы магчымае ўздзеянне гэтых прэпаратаў на нервовую сістэму, эксперт раіць разгледзець альтэрнатывы і выкарыстоўваць мінімальныя эфектыўныя дозы пры лячэнні алергіі. Рэкамендуецца звярнуцца да доктара, каб падабраць бяспечныя метады лячэння.

Каментары2

  • Студэнт-астматык
    23.02.2025
    Не пайду на лекцыю - у мяне дэменцыя!
  • Федзя
    24.02.2025
    Да это уже и так заметно кто вокруг.

Цяпер чытаюць

Завадчанін з Гомеля стаў зоркай тыктоку дзякуючы распакоўцы ссабоек, якія яму збірае на працу жонка

Завадчанін з Гомеля стаў зоркай тыктоку дзякуючы распакоўцы ссабоек, якія яму збірае на працу жонка

Усе навіны →
Усе навіны

Парадокс багатых краін: пенсіянеры заможныя як ніколі, але дзяржавы трацяць на іх усё больш грошай6

Чаму зімой не варта трымаць ежу на балконе?5

Сэкс з эфектам прысутнасці. У амерыканскіх 4DX кінатэатрах з'явіўся новы трэнд5

На пуцеправодзе паміж Каменнай Горкай і Лебядзіным у Мінску ўжо ўключаюць падсветку ФОТАФАКТ

У Мінску з аўкцыёну прадаюць культавы амерыканскі пікап. Ён у жахлівым стане, але каштуе дорага1

12‑гадовая дачка бізнэсмена Зінгмана перамагла ў расійскім аналагу дзіцячага «Еўрабачання»24

У лесе на мяжы Беларусі з Латвіяй знік кеніец. Яго шукаюць сваякі3

У Атлантычным акіяне імкліва разрастаецца гіганцкі пояс водарасцяў1

Правялі лёсаванне чвэрцьфіналаў футбольнай Лігі нацый3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Завадчанін з Гомеля стаў зоркай тыктоку дзякуючы распакоўцы ссабоек, якія яму збірае на працу жонка

Завадчанін з Гомеля стаў зоркай тыктоку дзякуючы распакоўцы ссабоек, якія яму збірае на працу жонка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць