Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»55

Елка з анёлам і вераломны монстр

Тамтэйшым шкалярам распавядаюць пра каралёў, рыцараў, вялікія перамогі. А нашым — пра ўбогі ад веку край, які ўбачыў сьвятло толькі дзякуючы камісарам... Зайздросна! Піша Аляксандар Класкоўскі.

Сёньня захацелася трохі мадыфікаваць жанр. Не прэтэндую на ляўры фотамайстра, але ж прапаную некалькі кадраў, зробленых маёй аматарскай камэрай пару дзён таму ў Вільні.

Елка на Катэдральнай плошчы, мабыць, трохі меншая, чым ля Палацу рэспублікі ў Менску. Затое — з анёлам.

Гісторыю сваёй дзяржавы летувісы адлічваюць не ад утварэньня Літоўскай ССР.

Тамтэйшым шкалярам — а перад Калядамі акурат шмат экскурсіяў — распавядаюць пра каралёў, рыцараў, вялікія перамогі. Нашым жа — пра ўбогі ад веку край, які ўбачыў сьвятло толькі дзякуючы бальшавіцкім камісарам...

Застаецца толькі зайздросьціць. І марыць пра часы, калі для нашых хлапчукоў і дзяўчынак стануць найлепшай чытанкай кнігі Ўладзімера Арлова.

Тут, на вуліцы Бэрнардыну, колісь жыў Адам Міцкевіч.

А на адной з вулачак старога гораду давялося сутыкнуцца зь вераломным монстрам НАТО. Ён выпаўз насустрач у выглядзе калёны жаўнераў і маракоў у параднай форме. Як я зразумеў, іх вялі ў касьцёл.

І на заканчэньне — трохі лірыкі. Зноў вернемся на Катэдральную плошчу.

Тут, наколькі помніцца, увосень 1988 году давялося пабачыць грандыёзны мітынг. Для журналіста, які прыехаў зь Беларусі ("Вандэі перабудовы", паводле выразу Алеся Адамовіча), уражаньні былі на мяжы шоку.

Дакладней, мы тады прыехалі ўдваіх. У сталіцу Літоўскай ССР я выбраўся разам з... загадчыкам аддзелу прапаганды ЦК ЛКСМБ Іванам Сьцяпурам.

Для камсамольскага начальства мелі "легенду": едзем вывучаць досьвед дэмакратычнай перабудовы ў суседзяў. Насамрэч карцела на свае вочы пабачыць, што такое "Саюдзіс" і з чым яго ядуць.

На месцы пераканаліся, што перабудова ў суседзяў зайшла далёка. Савецкая Летува каляпсавала. Жоўта-зялёна-чырвоны сьцяг ужо лунаў над вежай Гедыміна.

На мітынгу, у віраваньне якога мы трапілі, панаваў непрыхаваны незалежніцкі настрой.

І вось, здаецца, падчас прамовы Ландзбэргіса сярод мноства летувіскіх трыкалёраў над натоўпам раптам залунаў вялікі бел-чырвона-белы штандар.

І тут у Івана Сьцяпуры вырвалася цалкам непаліткарэктная рэпліка:

— А НАШ СЬЦЯГ — НАЙПРЫГАЖЭЙШЫ!

Праз пару гадоў савецкі камсамол лясьнецца, а Іван Сьцяпура стане дарадцам Шушкевіча.

Любая Сыстэма не такая маналітная, як можа падацца. Бо яна складаецца з жывых людзей. І некаторыя зь іх ня страчваюць здольнасьці думаць сваёй галавой.

На жаль, у нас бел-чырвона-белы сьцяг вольна лунаў толькі да траўня 95-га.

Але ж ён яшчэ вернецца.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Стваральніца Belaruskicry упершыню пасля доўгай паўзы расказала, што цяпер з брэндам пасля прызнання яго экстрэмісцкім

Стваральніца Belaruskicry упершыню пасля доўгай паўзы расказала, што цяпер з брэндам пасля прызнання яго экстрэмісцкім

Усе навіны →
Усе навіны

Перастаў працаваць паблік «Беларуская турма» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце»1

Пальчыс адказаў на прэтэнзію — «чаму народ вадзілі па праспектах» у 2020‑м60

Ціханоўскі з Карач згенеравалі 50‑старонкавы «маніторынг» дзейнасці «Нашай Нівы». Што з ім не так?43

Фонд Талая, што вінавацяць у русіфікацыі ўкраінскіх дзяцей, стварае цэнтр пад Барысавам3

У Гродзенскім заапарку нарадзілася дзіцяня міні-аленя — яго выратавала каза4

Сузаснавальнік Telegram Мікалай Дураў упершыню ажаніўся. Яго жонка можа быць звязаная з расійскімі спецслужбамі18

«Працаваў у дальнабоі больш за 20 гадоў». Што вядома пра загінулага ў страшным ДТЗ у суботу пад Старымі Дарогамі кіроўцу грузавіка?2

Памерла партызанка Клаўдзія Сяргеева. Ёй было 98 гадоў4

У Мінску запусцяць паліцэйскія дроны з Дубая, якія самі, без аператараў, вылятаюць з боксаў ВІДЭА3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стваральніца Belaruskicry упершыню пасля доўгай паўзы расказала, што цяпер з брэндам пасля прызнання яго экстрэмісцкім

Стваральніца Belaruskicry упершыню пасля доўгай паўзы расказала, што цяпер з брэндам пасля прызнання яго экстрэмісцкім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць