Выдавецтва Gutenberg Publisher паведаміла пра заключэнне кантракту на выданне і анансавала выхад беларускага перакладу кнігі нарвежскай аўтаркі і ілюстратаркі Крыстын Рушыфтэ «Усе мы лічымся».

Гэтая кніга, адзначаная мноствам прэстыжных узнагарод, паспела стаць улюбёнай для чытачоў больш як 60 краін свету, піша bellit.info.
«Усе мы лічымся» — бліскучае спалучэнне кнігі-разглядалкі, кнігі-лічылкі і ілюстраванай гісторыі пра чалавецтва. Чытач лічыць людзей ад 0 да 8,3 мільярдаў. Вось старонка, дзе нікога няма, на наступнай з’яўляецца хлопчык, які глядзіць на зоркі, а далей колькасць людзей расце з кожнай старонкай. Прытым усе персанажы на малюнках унікальныя. Калі ўважліва сачыць за героямі, можна заўважыць, як іх сцежкі перасякаюцца. Аўтарка прапануе нам не проста лічыць людзей, але і разгадваць іх таямніцы, думаць пра іх пачуцці, мары і страхі.
Гэта інтэрактыўная кніга для сямейнага чытання, якая вучыць дзяцей эмпатыі, уважлівасці і талерантнасці. Яе можна пераглядаць бясконца і ўвесь час знаходзіць нешта новае. Акурат гэты вімельбух будзе цікавы ўсім: малым, што вучацца лічыць, падлеткам і нават дарослым, што любяць квізы ці задачкі на логіку, памяць і ўвагу, або здольныя зразумець тонкі псіхалагізм і глыбокія філасофскія сэнсы.
Пераклала кнігу на беларускую мову Юля Цімафеева.
Вімельбух (ням. Wimmelbuch) — гэта пазнавальная дзіцячая кніжка буйнога фармату з дэталізаванымі ілюстрацыямі, насычанымі мноствам персанажаў і сцэнак ды поўнай адсутнасцю або мінімумам тэксту. Яны развіваюць маўленне, фантазію, трэніруюць памяць і ўвагу, уменне знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі.
-
Літоўскую літаратурную прэмію ўручылі за раман «Любыя косці», які перакладзены на беларускую мову
-
Мікола Дзядок апублікаваў свой «спіс таго, што варта прачытаць», які ў яго склаўся ў турме. Там больш за 270 твораў!
-
Чаму беларусы мала купляюць кнігі па-беларуску? Андрэй Янушкевіч — пра тысячы кніг на складзе, правал Кінга і перспектывы біяграфіі Пазняка
Каментары