Мінчанін атрымаў спадчыну пасля смерці маці і праз гэта пазбавіўся аўтамабіля — як такое магчыма
Жыхар сталіцы атрымаў спадчыну з сюрпрызам. Падрабязнасці гісторыі «Мінск-Навінам» расказалі ў пракуратуры Мінска.
Пасля смерці спадчынадаўцы яго маёмасць, як правіла, пераходзіць да сваякоў у парадку атрымання спадчыны. Назапашаныя за жыццё сродкі ў кожнага чалавека розныя: у адным выпадку спадчына значная, у другім — усё значна сціплей.
Разам з тым да прыняцця спадчыны варта падыходзіць узважана, памятаючы пра рызыку атрымаць даўгі памерлага спадчынадаўцы (калі яны ёсць). Паводле артыкула 1086 Грамадзянскага кодэкса кожны, хто прыняў спадчыну, адказвае па даўгах спадчынадаўцы ў межах кошту спадчыннай маёмасці, якая перайшла да яго, вызначанага на дзень адкрыцця спадчыны.
У такой сітуацыі са спадчынай з сюрпрызам апынуўся мужчына. Яго маці пры жыцці завінавацілася страхавой арганізацыі буйную суму (каля 19 тысяч рублёў), прычым грошы спаганяліся ў прымусовым парадку судовым выканаўцам.
У 2025 годзе жанчына памерла, так і не выплаціўшы доўг. У склад спадчыны пасля смерці даўжніцы ўвайшлі зямельны ўчастак і размешчаны на ім аднапавярховы дом. Спадчыннікам стаў яе сын, да якога і перайшоў статус даўжніка ў выканаўчым вядзенні па маёмасных абавязацельствах маці.
Паколькі доўг перад страхавой кампаніяй не пагашаўся і новым даўжніком, судовы выканаўца прыняў рашэнне вынесці прадпісанне аб забароне мужчыну здзяйсняць рэгістрацыйныя дзеянні ў дачыненні да належнай яму маёмасці ў якасці меры па выкананні выканаўчага дакумента.
— Паводле артыкула 60 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб выканаўчым вядзенні», меры па забеспячэнні выканання выканаўчага дакумента могуць быць прынятыя на любой стадыі выканаўчага вядзення ў выпадку, калі іх непрыняцце можа ўскладніць або зрабіць немагчымым яго выкананне, — патлумачыла пракурор аддзела пракуратуры Мінска па наглядзе за адпаведнасцю закону судовых пастаноў па грамадзянскіх справах Лілія Корань. — Пры выкананні такога дакумента, звязанага са спагнаннем грашовых сродкаў, меры па забеспячэнні выканання выканаўчага дакумента прымаюцца ў межах сумы, неабходнай для выканання патрабаванняў, якія ўтрымліваюцца ў выканаўчым дакуменце, спагнання (утрымання) выдаткаў па выкананні выканаўчага дакумента і прымусовага збору.
Выбар прыпаў на аўтамабіль даўжніка, паколькі кошт нерухомасці, якая перайшла яму ад маці, значна перавышаў памер доўгу (у адрозненне ад кошту транспартнага сродку).
Мужчына паспрабаваў абскардзіць вынесенае прадпісанне: спачатку ў вышэйстаячага судовага выканаўцы, а не дамогшыся поспеху — у судзе. Сваю нязгоду ён тлумачыў тым, што яго асабісты аўтамабіль не з'яўляецца спадчыннай маёмасцю, быў набыты ў 2023 годзе, яшчэ да смерці маці.
Суд прызнаў дзеянні судовага выканаўцы па вынясенні абскарджанага прадпісання адпаведнымі закону.
Як вынікае з высноў суда, артыкул 1086 Грамадзянскага кодэкса абмяжоўвае адказнасць спадчыннікаў па даўгах спадчынадаўцы выключна коштам спадчыннай маёмасці, якая перайшла да іх, а не яе складам.
Закон не ўтрымлівае забароны на магчымасць пагашэння даўгоў спадчынадаўцы яго спадчыннікамі за кошт маёмасці, якая з'яўляецца ўласнасцю спадчынніка, да якога перайшлі даўгі спадчынадаўцы, але ў межах кошту спадчыннай маёмасці. Такім чынам, судовы выканаўца ніяк не парушыў правоў грамадзяніна.
— Такім чынам, прыняцце спадчыны — адказны працэс, — адзначае Лілія Корань. — Прымаючы ва ўласнасць маёмасць памерлага, неабходна таксама высветліць памер яго даўгоў, каб ацаніць мэтазгоднасць такога ўзбагачэння. Калі даўгоў больш, чым каштуе спадчынная маёмасць, варта двойчы падумаць.
Цяпер чытаюць
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал
Каментары