У Мексіцы ва ўзросце 80 гадоў памёр у бальніцы адзін з найбуйнейшых наркабаронаў у гісторыі Мігель Анхель Фелікс Гальярда, вядомы таксама як «хросны бацька» і «бос усіх босаў», піша Бі-бі-сі.

У 1980‑я гады Гальярда ўзначальваў магутны картэль Гвадалахары, які дамінаваў у мексіканскім наркабізнэсе ў перыяд буму какаіну. Гальярда стварыў саюз паміж мексіканскімі і калумбійскімі злачыннымі групоўкамі і фактычна змяніў прынцыпы кантрабанды наркотыкаў у рэгіёне. Яго арганізацыя супрацоўнічала з Медэльінскім картэлем Пабла Эскабара, аб'яднаўшы вытворчасць какаіну ў Андах з перавозкай наркотыкаў праз Мексіку ў ЗША.
Паводле ацэнак, у пэўны перыяд да 80% усяго какаіну, які трапляў у ЗША, пастаўляў Медэльінскі картэль. Гальярда і яго арганізацыя адыгрывалі ключавую ролю ў гэтай кантрабандзе. Уплыў картэля распаўсюджваўся не толькі на злачынны свет: на піку магутнасці ён меў вялікія магчымасці ўздзейнічаць на мексіканскую палітыку і праваахоўныя органы, кантраляваў цэлыя сеткі паліцыі і пасады губернатараў у штатах.
У 1985 годзе становішча кіраўнікоў картэля пачало пагаршацца пасля катаванняў і забойства агента амерыканскага Упраўлення ў барацьбе з наркотыкамі Энрыке «Кікі» Камарэны. Ён знайшоў і знішчыў вялізную плантацыю марыхуаны, якая належала групоўцы і знаходзілася ў штаце Чыхуахуа. Забойства агента стала прычынай адной з найбуйнейшых у гісторыі Паўночнай Амерыкі аперацый уладаў ЗША па вышуку злачынцаў.
У 1989 годзе Гальярда арыштавалі і прысудзілі да працяглага турэмнага зняволення. З таго часу ён знаходзіўся пад вартай. У 2022 годзе праз пагаршэнне здароўя яго планавалі перавесці пад хатні арышт, але гэта не адбылося праз тэхнічныя праблемы з электронным бранзалетам. У выніку ён памёр у бальніцы роднага горада Гвадалахара, куды яго шпіталізавалі ў пачатку тыдня. Падчас знаходжання ў бальніцы тэрыторыю вакол яе ахоўвала мексіканская турэмная паліцыя.
У 1980‑я гады з Гальярдам пазнаёміўся Хаакін «Эль Чапа» Гусман. Наркабарон даручыў яму займацца лагістыкай сваёй арганізацыі. Пасля арышту Гальярда ягоны картэль распаўся, а на яго аснове ўзнікла некалькі новых злачынных структур. Адной з іх стаў картэль Сіналоа, які ўзначаліў Гусман.
У 2019 годзе пасля аднаго з самых гучных судовых працэсаў у сучаснай гісторыі ЗША Гусмана прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Яго прызналі вінаватым, у тым ліку, у наркатрафіку і адмыванні грошай.
Жыццё Гальярда стала асновай для некалькіх тэлевізійных праектаў, у тым ліку серыяла Netflix «Наркас: Мексіка», дзе паказаныя яго шлях да вяршыні злачыннай іерархіі і адносіны з Эль Чапам.
Цяпер чытаюць
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал
Каментары
А серыял добра зроблены
Гальярда паўжыцця быў у турме: меньш за 10 год ён быў багаты, а 37 за кратамі. У яго быў клан пляменнікаў, што апасля яго арышту "трымаў" Ціхуану: з 7 братоў 2 забілі, 3 пасадзілі. Статыстыка ня вельмі. Яшчэ і дзяцей у бізнэс цягнуць, якім потым таксама альбо турма, альбо скачы па гарах, пакуль салдаты не заб'юць.
Падаецца, толькі гэты Амада Фуэнтэс памёр нечакана сам, таму стаў легендаю, што з гэтага жыцця ёсць трэці выхад.