Навука і тэхналогіі1414

Кастрацыя падаўжае жыццё — навукоўцы гэта пацвердзілі

Эксперымент на мышах паказаў, што выдаленне яечкаў можа павялічыць працягласць жыцця больш чым на 30%. Але даследчыкаў здзівіла тое, у якім узросце аперацыя аказалася найбольш эфектыўнай.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: FangXiaNuo / Getty Images

Жанчыны ў большасці краін свету жывуць даўжэй за мужчын. Напрыклад, у Беларусі, паводле звестак Белстата за 2024 год, чаканая працягласць жыцця мужчын складала 69,3 года, а жанчын — 79,8 года. Розніца — больш за дзесяць гадоў.

Часткова гэта тлумачыцца паводзінамі і ладам жыцця, але розніца захоўваецца, нават калі ўлічыць такія фактары, як няшчасныя выпадкі, самагубствы і забойствы. Гэта сведчыць пра існаванне і біялагічных прычын.

Адной з іх можа быць уплыў мужчынскіх палавых залоз — яечкаў. Як піша Science, навукоўцам даўно вядома, што кастрацыя здольная павялічваць працягласць жыцця самцоў розных відаў сысуноў. Ёсць і гістарычныя даследаванні людзей, якія сведчаць пра падобны эфект.

У прыватнасці, даследаванне 1969 года, праведзенае на аснове звестак пра пацыентаў псіхіятрычнай установы, якіх у мінулым прымусова кастрыравалі, паказала, што яны маглі жыць больш чым на дзесяць гадоў даўжэй за некастрыраваных мужчын. А аналіз даных 2025 года па 22 відах хрыбетных выявіў паслядоўнае павелічэнне даўгалецця пасля кастрацыі.

Але доўгі час заставалася незразумелым, чаму гэта адбываецца і ці абавязкова выдаляць яечкі ў маладосці, каб атрымаць такі эфект.

Найбольшы эфект — у сталым узросце

Каманда даследчыкаў з Цэнтра медыцынскіх навук Тэхаскага ўніверсітэта ў Сан-Антоніа вырашыла праверыць, як узрост кастрацыі ўплывае на працягласць жыцця. Для эксперыменту выбралі лінію лабараторных мышэй, у якой самкі, падобна да людзей, стабільна жывуць даўжэй за самцоў.

Навукоўцы падзялілі самцоў на тры групы. Першую кастрыравалі яшчэ да палавога паспявання, другую — неўзабаве пасля яго, а трэцюю — ва ўзросце 240 дзён. Для мышэй гэта ўжо паважны век, які даследчыкі прыблізна параўноўваюць з трыццаццю гадамі ў чалавека.

Вынікі аказаліся нечаканымі. Ва ўсіх трох групах кастрыраваныя мышы жылі даўжэй за тых, якім яечкі не выдалялі. Але найбольшы выйгрыш атрымалі жывёлы, кастрыраваныя ў сталым узросце. Іх медыянная працягласць жыцця павялічылася амаль на 33%. Для параўнання, кастрацыя да палавога паспявання дала прырост каля 19%, а адразу пасля яго — каля 26%.

Больш за тое, пасля аперацыі ніводная мыш з трэцяй групы не памерла на працягу больш чым года. Гэта асабліва ўразіла даследчыкаў, бо ў такім узросце смяротнасць сярод мышэй звычайна ўжо пачынае расці.

Вынікі дазволілі выказаць нечаканую гіпотэзу: у маладым узросце яечкі могуць нават спрыяць даўгалеццю, але з гадамі іх уплыў становіцца шкодным.

Чаму так адбываецца?

Яечкі выпрацоўваюць больш за 90% тэстастэрону ў мужчынскім арганізме. Таму можна было б дапусціць, што менавіта гэты гармон скарачае жыццё. Аднак навукоўцы перасцерагаюць ад паспешлівых высноў: кастрацыя выклікае мноства фізіялагічных змен, і пакуль невядома, якія з іх адказваюць за павелічэнне працягласці жыцця.

Цікава, што кастрыраваныя ў сталым узросце мышы не выглядалі фізічна здаравейшымі за астатніх. З узростам яны гэтак жа гублялі мышачную сілу і дэманстравалі іншыя прыкметы старэння. Гэта азначае, што павелічэнне працягласці жыцця не абавязкова суправаджаецца запаволеннем усіх працэсаў старэння.

Даследчыкі цяпер хочуць высветліць, ад якіх захворванняў паміралі паддоследныя жывёлы, і вызначыць рэчывы, якія выпрацоўваюцца яечкамі і могуць уплываць на даўгалецце.

У перспектыве гэта можа дапамагчы стварыць прэпараты, якія імітуюць станоўчы ўплыў кастрацыі на працягласць жыцця, але без выдалення палавых залоз і звязаных з гэтым наступстваў.

Каментары14

  • стресс
    13.11.2026
    думаю, тестостерон не непосредственно физиологически сокращает жизнь, а просто способствует "токсичной маскулинности": под его воздействием самцы агрессивны, испытывают стресс, а уже стресс сокращает жизнь. В Исландии или Нидерландах (страны с пропагандой толерантности и отсутствием мачизма) разрыв продолжительности жизни женщин и мужчин составляет около 3–3,5 лет,.Самый же большой разрыв исторически наблюдается в странах Восточной Европы (Россия, Украина, Беларусь), где женщины в среднем живут на 9–13 лет дольше мужчин. Так что на нидерландских мужчин тестостерон влияет очевидно не так сильно
  • UFO
    13.11.2026
    Дзякуй за прапанову паважаная рэдакцыя! Як прыемна чытаць навіны, якія ясна паказваюць вашую непадробную занепакоеннасць аб здароўі і даўгалецці мужчын!
    Таямніцай застаецца яшчэ тое, як вам удаецца на такім высокім узроўні трымацца стандартаў журналістыкі пры напісанні навін і артыкулаў.
  • Поцык
    13.11.2026
    Путина уже кастрировали? А то он там хотел долго прожить

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны85

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны

Усе навіны →
Усе навіны

УСУ ўдарылі па Крымскім мосце. Рух транспарту спынены15

Турысты накідалі ў фантан Трэві амаль на 200 тысяч еўра менш пасля таго, як падыход да яго зрабілі платным4

Кітайскі маркетплэйс Temu сам прапанаваў беларусцы супрацоўніцтва, але зліўся, калі даведаўся яе грамадзянства13

Мінабароны расказала, як над Беларуссю збіваюць заблукалыя дроны2

З Янам Памедорам Рэуцкім развіталіся ў Варшаве

Канкурэнт Starlink страціў 40 спадарожнікаў: ракета не даляцела да арбіты

Сабаленка адкацілася на трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу

Сэрца — амаль адзіны орган, які не хварэе на рак. Навукоўцы пачынаюць разумець чаму1

Грэцкі агонь, антыкітэрскі механізм, сільфій ды іншыя страчаныя вынаходніцтвы. Чаму чалавецтва іх забыла?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны85

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць