Урад Беларусі скараціў колькасць афіцыйных месцаў для перачэпкі прычэпаў, перагрузкі тавараў і запраўкі грузавікоў на мяжы з Польшчай і Літвой. Адпаведную пастанову «Аб спецыяльнай абмежавальнай меры» 19 лістапада падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

Згодна з дакументам, у пункце пропуску Казловічы на мяжы з Польшчай колькасць такіх месцаў зменшыцца з 11 да 9. На літоўскім кірунку ў пункце пропуску Прывалка іх стане 4 замест 6, а ў Беняконях — 6 замест 8.
Прычыны гэтага рашэння ва ўрадавай пастанове не называюцца.
Сістэму перачэпак і перагрузак Беларусь увяла ў адказ на санкцыі Еўрасаюза. 9 красавіка 2023 года ЕС забараніў уезд на сваю тэрыторыю грузавікам з Беларусі і Расіі для перавозкі тавараў. У адказ беларускія ўлады забаранілі еўрапейскім аўтаперавозчыкам перамяшчацца па тэрыторыі Беларусі. Ім дазволілі ўязджаць толькі для перагрузкі тавараў або перачэпкі прычэпаў, пасля чаго грузы павінны былі дастаўляць беларускія перавозчыкі.
У чэрвені 2023 года Польшча забараніла ўезд са сваёй тэрыторыі грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам, паўпрычэпам і аўтацягнікам, зарэгістраваным у Беларусі і Расіі. У адказ беларускія ўлады забаранілі перамяшчэнне па сваёй тэрыторыі прычэпаў з польскай рэгістрацыяй.
Каментары