Літаратура1515

«Я кончаны беларус». Уладзімір Някляеў прэзентаваў новую паэму і расказаў, што яго хвалюе

На фестывалі «Прадмова» ў Варшаве пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў прэзентаваў паэму «Літвіны», але гаварыў не толькі пра яе. Ён разважаў пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і як выйшла, што ў канцы 1980‑х беларусы не скарысталіся сваімі магчымасцямі.

Уладзімір Някляеў на прэзентацыі сваёй паэмы «Літвіны». Фота: Наша Ніва

Перад выступам у невялічкім калідоры сабраўся натоўп. Уздоўж сцен стаялі лаўкі з кнігамі, беларускімі прысмакамі і іншай прыемнай беларускаму сэрцу драбязой.

Перад самым пачаткам прэзентацыі Някляева Васіль Шэры і Кацярына Ваданосава разыгралі сцэну з новай паэмы — пра тое, як Ядвіга страціла дзіця — паралель для тых, хто страціў Радзіму. Саму сустрэчу мадэраваў Андрэй Хадановіч.

Кацярына Ваданосава і Васіль Шэры ў вобразах Ядвігі і Ягайлы. Фота: «Наша Ніва»

«Я вырас пад сценамі Крэўскага замка»

«Я нарадзіўся і вырас пад уплывам бацькі расійскага, я ніколі ў той Расіі не быў, ніколі не бачыў, як яны там жылі, што яны там рабілі. Я вырас пад сценамі Крэўскага замка, у беларускай мове, у беларускім асяродку, у беларускай культуры. І я кончаны беларус, нацыяналіст беларускі, я гэтага не хаваю», — сказаў Някляеў.

Пра «Літвінаў» ён гаварыў як пра асабістую кнігу — даніну продкам і мясцінам, з якімі звязана ягонае жыццё.

«Гэта мая даніна майму Крэву, маім продкам, усяму таму, з чаго зляпілі мяне. Крэва — самая дарагая сцэна свету для мяне. Бо там адбываліся ўсе мае найважнейшыя падзеі», — расказаў пісьменнік.

Ён прызнаўся, што хацеў бы пабачыць, як гэтую ягоную паэму паставяць ля муроў Крэўскага замка.

«Наша спроба зачапіцца за Еўропу»

На думку пісьменніка, беларусаў доўгі час аддалялі ад іх гісторыі, а цяпер спрэчкі вакол Вялікага Княства Літоўскага ўзнікаюць і з боку заходніх суседзяў.

«Нас увесь час адсякалі ад нашай гісторыі суседзі з усходу. І вось цяпер з захаду гэты працэс пайшоў. Напрыдумалі беларускі літвінізм, які небяспечны для дзяржаўнасці нашай заходняй суседкі, найбліжэйшай», — заявіў ён.

Някляеў нагадаў, што пісаў пра гэта асобны артыкул. У ім ён сфармуляваў сваё разуменне беларускага літвінізму:

«Тое, што вы называеце беларускім літвінізмам, ёсць еўрапеізм беларускі. Гэта наша спроба зачапіцца за Еўропу, як за паратунак. Бо іначай нас можа не стаць».

Ён не заклікае адмаўляць удзел іншых народаў у супольнай гісторыі, але лічыць, што беларусы не павінны адмаўляцца ад сваёй часткі спадчыны.

Андрэй Хадановіч і Уладзімір Някляеў падчас прэзентацыі кнігі «Літвіны». Фота: Наша Ніва

«Калі гэта было так, то дзе Вялікае Княства Літоўскае?»

Гаворачы пра гістарычную спадчыну, Някляеў звярнуўся да Крэўскай уніі 1385 года і шлюбу Ягайлы з Ядвігай.

Ён узгадаў распаўсюджанае тлумачэнне, паводле якога шлюб быў палітычным рашэннем, неабходным для абароны Вялікага Княства Літоўскага ад крыжакоў і Масквы. Але ў Някляева ўзнікае пытанне: калі ўсё было менавіта так, чаму ў вірах гісторыі само княства губляецца?

«Ягоны [Ягайлаў] шлюб з Ядвігай падаецца як палітычнае рашэнне: маўляў, крыжакі, маскалі, і трэба ратаваць краіну, Вялікае Княства Літоўскае, каб яно засталося. Окей, добра. У такім разе, калі гэта было так, то тады дзе Вялікае Княства Літоўскае? А вось дзе мы?» — задаў пытанне пісьменнік.

Кніга «Літвіны» Уладзіміра Някляева. Фота: Наша Ніва

«Як мы ўсё гэта прайгралі?»

Ад кніжнай гісторыі Някляеў перайшоў да гісторыі, што адбываецца на нашых вачах. Ён прызнаўся, што даўно спрабуе знайсці адказ на пытанне, чаму Беларусь не скарысталася магчымасцямі, якія былі ў яе напрыканцы 1980-х.

«Я не магу знайсці адказу на пытанне, як у нас была воля, на нашым баку было больш сілы, больш інтэлекту, і ўсяго было больш. І як мы ўсё гэта прайгралі? Як, па якіх прычынах? Што тут і як адбывалася?» — разважаў Някляеў.

Ён не пагаджаецца з тым, каб усю адказнасць за тое, што адбылося, ускладаць толькі на ўладу.

«Звальваць толькі на рэжым, на Лукашэнку — гэта несур'ёзна», — заявіў пісьменнік.

Някляеў прыгадаў, што частка палітыкаў тады лічыла: Беларусі не трэба нікуды далучацца, бо яе геаграфічнае становішча і так выгаднае, а праз краіну будуць ісці гандлёвыя шляхі.

«Тэза была такая: у нас вельмі выгаднае геапалітычнае і геаграфічнае становішча, праз нас будуць гандлёвыя шляхі, і мы самі з вусамі, нікуды нам не трэба», — пераказаў ён тую пазіцыю.

Сам Някляеў сумняваўся, што Беларусь зможа ўтрымацца паміж моцнымі суседзямі толькі дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу.

«Што такое Беларусь у гэтым свеце? Нейкая пясчынка. Калі пясчынка знаходзіцца паміж полюсамі магніта, а Беларусь такой і з'яўляецца, як яна можа пасярэдзіне ўтрымацца?» — казаў ён.

Пісьменнік адзначыў, што і цяпер спрабуе разабрацца ў прычынах той паразы. Ён хоча знайсці адказ хаця б для сябе і перакласці яго на паперу. Калі «Літвіны» — даніна Крэву, малой Радзіме, то кнігу з аналізам падзей нашай найноўшае гісторыі, якую аўтар плануе стварыць цягам найбліжэйшых гадоў, ён плануе прысвяціць цалкам усёй Беларусі.

«Не можам аддаць камусьці памяць пра бацькоў»

Напрыканцы сустрэчы Някляеў прачытаў урывак з «Літвінаў». У ім князь размяркоўвае гарады і землі паміж сынамі, вызначаючы, што каму застанецца ў спадчыну. Адзін з фінальных радкоў гэтага фрагмента вяртаў да галоўнай тэмы вечара — памяці, ад якой нельга адмовіцца:

«Не можам мы ні ў радасці, ні ў скрусе, ні сёння, ні праз век, ні праз вякі вякоў аддаць камусьці памяць пра бацькоў».

Напрыканцы вечара Андрэй Хадановіч і Уладзімір Някляеў акапэльна заспявалі ліцвінскую вайсковую песню. А пасля засталася яшчэ адна цёплая частка сустрэчы — Някляеў пакідаў аўтографы ўсім, хто хацеў забраць з сабой не толькі паэму, але і маленькі ўспамін пра гэты вечар, што адбыўся на чужыне са сваімі людзьмі.

Каментары15

  • Як ёсць, нацыяналіст
    14.11.2026
    Пазнаўшы зайца па губе,
    Вам Жмудзь пад нос паднесла дулю,
    Як Беларусь вы на сябе,
    На край літвінаў нацягнулі.

    Вы разлучылі дух з крывёю
    І, абрусеўшы пад Масквою,
    Пад назвай, дадзенай Масквой,
    Ня сталі нават маскалямі,
    А толькі назваю адной —
    І тая назва стала вамі.

    Вы — беларусы? Хто такія?
    Ёсьць Польшча,
    Жмудзь,
    Літва,
    Расія —
    Як вы ўшчыміліся сярод?
    Адкуль зьявіліся? З балот?
    З чаго зьляпіліся? З туманаў?..
    Такіх падмен,
    Такіх падманаў
    Ня ведаў ні адзін народ

    ...Літва! Ад сьлёз у горле горка,
    Як назву вымаўлю тваю:
    Літва! Па ўсёй зямлі стаю
    Я на сьвятых тваіх пагорках.
    Дзеля чаго ўва мне ты будзіш
    Надзею голасам крыві?
    Літва! Ты ўжо была? Ты будзеш?
    Калі жывая, дык жыві!

    ...Скажу адно —
    што ў той раз мусіў
    Сказаць, але забыўся ў скрусе,
    Бо ўжо сівая галава...
    Няма ніякай Белай Русі,
    А ёсьць Вялікая Літва!

    Уладзімір Някляеў
  • Гісторык
    14.11.2026
    "Але ў Някляева ўзнікае пытанне: калі ўсё было менавіта так, чаму ў вірах гісторыі само княства губляецца?"
    Адказваю. Народ які адрокся ад сваёй саманазвы народу, выракся сваёй роднай мовы, у выніку страціць і сваю гісторыю й сваю зямлю.
    Зразумела?
  • Дональд
    14.11.2026
    Вялікіх магчымасцяў у канцы 1980х не было. Усю ўладу трымала пра-маскоўская партыйная эліта, а народ быў амаць цалкам дэнацыялізаваны , плюс чарнобыль і калапс савецкай эканомікі

Цяпер чытаюць

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны80

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны

Усе навіны →
Усе навіны

Турысты накідалі ў фантан Трэві амаль на 200 тысяч еўра менш пасля таго, як падыход да яго зрабілі платным4

Кітайскі маркетплэйс Temu сам прапанаваў беларусцы супрацоўніцтва, але зліўся, калі даведаўся яе грамадзянства13

Мінабароны расказала, як над Беларуссю збіваюць заблукалыя дроны2

З Янам Памедорам Рэуцкім развіталіся ў Варшаве

Канкурэнт Starlink страціў 40 спадарожнікаў: ракета не даляцела да арбіты

Сабаленка адкацілася на трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу

Сэрца — амаль адзіны орган, які не хварэе на рак. Навукоўцы пачынаюць разумець чаму1

Грэцкі агонь, антыкітэрскі механізм, сільфій ды іншыя страчаныя вынаходніцтвы. Чаму чалавецтва іх забыла?1

Аргазм ёсць, а спермы няма. Што такое рэтраградная эякуляцыя і чым яна небяспечная11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны80

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць